1. Імша ў вігілію.
2. Імша ўдзень.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Прынеслі каўчэг Божы, і паставілі яго пасярод шатра, які разбіў для яго Давід
Чытанне Першай кнігі Кронікаў.
У тыя дні:
Давід сабраў увесь Ізраэль у Ерузалеме, каб прынесці каўчэг Пана на яго месца, якое падрыхтаваў для яго. І сабраў разам сыноў Аарона і Левітаў. І сыны Левія прынеслі на сваіх плячах на шастах каўчэг Божы, як наказаў Майсей паводле слова Пана.
Тады Давід сказаў кіраўнікам Левітаў паставіць братоў іхніх спевакоў з музычнымі інструментамі, з псалтырамі, гуслямі і цымбаламі, каб гралі, узносячы вокліч радасці.
І прынеслі каўчэг Божы, і паставілі яго пасярод шатра, які разбіў для яго Давід, і прынеслі ўсеспаленні і ахвяры спакою перад Панам. А калі Давід закончыў усеспаленне і прынясенне ахвяраў спакою, благаславіў народ у імя Пана.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Падыміся, Пане, да месца адпачынку.
6. Мы чулі пра яго ў Эфраце, *
знайшлі яго на палях Яара.
7. Увойдзем у Яго жыллё, *
паклонімся перад падножжам ног Ягоных.
Рэфрэн:
9. Няхай святары Твае апрануцца ў справядлівасць,
а верныя Твае няхай узрадуюцца.
10. Дзеля Давіда, слугі Твайго *
не адвярні аблічча ад памазаніка Твайго.
Рэфрэн:
13. Таму што Пан выбраў Сіён,
упадабаў Яго сабе для жылля.
14. «Гэта месца Майго адпачынку навекі,
тут пасялюся, бо яго ўпадабаў Я».
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Даў нам перамогу праз Езуса Хрыста
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Калі тое, што смяротнае, апранецца ў бессмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова: Перамога паглынула смерць. Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?
Джала смерці — гэта грэх, а сіла граху — гэта Закон. Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Шчаслівыя, хто слухае слова Божае
і захоўвае яго.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі Езус прамаўляў да народа, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!
А Ён сказаў: Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго.
Гэта слова Пана.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад ступнямі ног яе
Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.
Адчынілася святыня Бога ў небе, і з’явіўся каўчэг Яго запавету ў святыні Ягонай.
І вялікі знак з’явіўся ў небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад ступнямі ног яе, а над яе галавою вянец з дванаццаці зорак. І яна была цяжарная, і крычала ад болю і пакут парадзіхі.
І з’явіўся другі знак ў небе: вось вялікі вогненны цмок з сямю галовамі і дзесяццю рагамі, а над галавой яго сем дыядэм. І хвост ягоны змятае траціну зорак нябесных і кідае іх на зямлю. І стаў цмок перад жанчынаю, якая павінна была нарадзіць, каб пажэрці дзіця, як толькі народзіць. І нарадзіла яна дзіця мужчынскага полу, якое павінна было пасвіць усе народы жалезным жазлом. І дзіцё было забрана ад яе да Бога і да Ягонага трону. А жанчына ўцякла у пустыню, дзе ёй было падрыхтавана месца Богам.
І пачуў я голас моцны, які казаў у небе: Цяпер настала збаўленне, і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Каралева стала праваруч цябе.
10. Каралева стала праваруч цябе,
упрыгожаная золатам з Афіру.
Рэфрэн:
11. Паглядзі, дачка, паслухай і схілі сваё вуха, *
забудзь народ свой і дом твайго айца.
12. Кароль прагне тваёй прыгажосці, *
бо Ён твой Пан, пакланіся Яму.
Рэфрэн:
14. Поўная славы выходзіць дачка Караля. *
Адзенне яе вышыта золатам.
15. У вышытым адзенні вядуць яе да Караля. *
За ёю дзяўчаты, сяброўкі яе, уваходзяць да Яго.
Рэфрэн:
16. Вядуць іх з радасцю і ў захапленні, *
уваходзяць яны ў каралеўскі палац.
17. Замест айцоў тваіх будуць твае сыны. *
Ты ўстановіш іх валадарамі па ўсёй зямлі.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Хрыстус уваскрос з мёртвых, першынец сярод тых, якія заснулі. Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, так праз Чалавека — і ўваскрашэнне мёртвых. Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены. Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага. Канец настане тады, калі Ён перадасць Валадарства Богу і Айцу, калі знішчыць усялякае панаванне, і ўсялякую ўладу, і сілу.
Бо трэба, каб Ён валадарыў, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае. Як апошні вораг будзе знішчана смерць, бо ўсё пакладзена пад ногі Ягоныя.
Калі ж скажа, што ўсё падпарадкавана, то відавочна, за выключэннем таго, хто падпарадкаваў Яму ўсё.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Марыя ўзята на неба,
радуюцца хоры анёлаў.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Вялікае ўчыніў мне Усемагутны
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго! Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.
У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў, і вярнулася ў дом свой.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ