ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Вось Дзева зачне і народзіць Сына
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
У тыя дні:
Пан прамовіў да Ахаза такімі словамі: Прасі Пана, Бога твайго, каб даў табе знак ці глыбока ў адхлані, ці высока ўгары.
Але Ахаз адказаў: Не буду прасіць і не буду выпрабоўваць Пана.
Тады сказаў Ісая:
Паслухайце ж, дом Давідаў:
ці мала вам, што дакучаеце людзям,
дык вы яшчэ дакучаеце майму Богу?
Таму Пан сам дасць вам знак:
Вось Дзева зачне і народзіць Сына,
і дасць Яму імя Эммануэль,
што значыць Бог з намі.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю.
7. Ахвяры і прынашэнняне Ты не пажадаў, *
але Ты адкрыў мне вушы.
Усеспалення і ахвяры за грэх Ты не патрабуеш. *
8. Тады сказаў я: Вось іду.
Рэфрэн:
У пачатку кнігі напісана пра мяне: †
9. Я пажадаў спаўняць Тваю волю. *
і Твае законы жывуць у сэрцы маім.
10. Я абвяшчаў Тваю справядлівасць на вялікім сходзе, *
і не закрываў вуснаў сваіх, Ты гэта ведаеш, о Пане.
Рэфрэн:
11. Справядлівасць Тваю не хаваў я ў сэрцы сваім, *
я абвяшчаў Тваю вернасць і Тваё збаўленне.
Я не таіў Тваёй міласэрнасці і вернасці *
перад вялікай грамадой.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
У пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў знішчала грахі. Хрыстус прыходзіць у свет і кажа: Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне. Усеспаленні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе. Тады Я сказаў: Вось іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа.
Перад гэтым Ён сказаў: Ахвяраў і прынашэнняў, і ўсеспаленняў, і ахвяраў за грэх, якія прыносяцца паводле Закону, Ты не захацеў і не ўпадабаў. Пасля Ён сказаў: Вось іду, каб выканаць волю Тваю. Адмяняе першае, каб устанавіць другое. Паводле гэтай волі мы раз і назаўсёды асвечаныя ахвяраю цела Езуса Хрыста.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
і бачылі мы славу Ягоную.
Акламацыя: Хвала Табе, Слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.
І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.
А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.
Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ