ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Слава Пана ўзышла над табою
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Устань, свяціся, Ерузалем,бо прыйшло тваё святло,
і слава Пана ўзышла над табою.
Бо вось цемра пакрые зямлю,
і змрок — народы,
а Пан узыдзе над табою,
і слава Ягоная з’явіцца над табою.
І пойдуць народы да твайго святла,
і каралі да бляску твайго ўсходу.
Узнімі вочы свае і паглядзі навокал:
усе яны збіраюцца, ідуць да цябе.
Сыны твае прыходзяць здалёк,
і дачок тваіх нясуць на руках.
Тады ўбачыш ты і заззяеш,
затрапеча ад радасці сэрца тваё,
бо багацці мора паплывуць да цябе,
прыйдзе да цябе скарб народаў.
Закрые цябе мноства вярблюдаў,
маладых вярблюдаў з Мадыяну і з Эфы.
Усе яны прыйдуць з Сабы,
прынясуць золата і кадзіла,
і абвяшчаць будуць хвалу Пану.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Усе народы свету будуць служыць Пану.
1. Божа, дай суд Твой каралю *
і сыну караля Тваю справядлівасць.
2. Няхай судзіць народ Твой справядліва *
і прыгнечаных Тваіх паводле права.
Рэфрэн:
7. У дні Ягоныя закрасуе справядлівасць, *
і вялікі спакой, аж пакуль не знікне месяц.
8. І будзе Ён панаваць ад мора да мора, *
і ад Ракі аж да краю зямлі.
Рэфрэн:
10. Каралі Тарсісу і астравоў прынясуць Яму дары, *
Каралі Аравіі і Сабы складуць даніну.
11. І паклоняцца Яму ўсе каралі, *
усе народы будуць служыць Яму.
Рэфрэн:
12. Бо Ён вызваліць убогага, які Яго кліча, *
і прыгнечанага, які дапамогі не мае.
13. Змілуецца Ён над бедным і ўбогім *
і душы бедных уратуе.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Цяпер адкрылася, што язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі абяцання
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Вы чулі пра ўдзяленне ласкі Божай, дадзенай мне дзеля вас, бо праз аб’яўленне мне была адкрыта таямніца.
Яна не была адкрыта сынам чалавечым у мінулых пакаленнях, так як цяпер адкрылася святым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа. Гэта значыць, што і язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі і членамі аднаго цела, і саўдзельнікамі абяцання ў Езусе Хрысце праз Евангелле.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
і прыйшлі пакланіцца Яму.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Прыйшлі пакланіцца Яму
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Калі ж Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, вось мудрацы з усходу прыбылі ў Ерузалем, кажучы: Дзе нованароджаны кароль юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Месія?
Яны сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам: І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Валадар, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля.
Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзіце і старанна шукайце Дзіця, калі ж знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму. Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі.
І вось зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль не прыйшла і не стала над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму. І адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і мірру.
І папярэджаныя ў сне, каб не вярталіся да Ірада, іншай дарогай адышлі ў сваю краіну.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ