Бачыў ваду, што выцякала з-пад святыні, і ўсе, да каго дасягала вада гэтая, былі збаўлены
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
У тыя дні:
Анёл вярнуў мяне да ўваходу ў святыню. І вось выцякала вада з-пад парога святыні на ўсход, бо тая святыня звернута на ўсход. А вада выцякала з-пад правага боку святыні на поўдзень ад алтара.
І сказаў мне: Гэтая вада выходзіць на ўсходні абшар, сыходзіць у стэп і ўпадае ў мора, і, патрапіўшы ў мора, аздаравіцца вада. І кожная жывая істота, якая кішыць там, куды ўвойдзе паток, будзе жыць. І рыбы будзе вельмі шмат, бо куды ўвойдзе гэтая вада, усё аздаравіцца. І там, куды ўвойдзе гэты паток, будзе жывым усё. А над патокам, на беразе яго з гэтага і з таго боку будзе расці ўсялякае дрэва, што дае ежу. І лісце не будзе ападаць з яго, і плады яго не скончацца. І кожны месяц будзе прыносіць новы плён, бо вада для яго выходзіць са святыні. І будзе плод яго для ежы, а лісце для лекаў.
Гэта слова Божае.
а
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМРэфрэн: Патокі весяляць шатры Найвышэйшага.
2. Бог — наша прыстанішча і сіла, *
надзейная дапамога ў нядолі.
3. Таму не будзем баяцца, †
калі б нават затрэслася зямля, *
і горы ўпалі ў сярэдзіну мора.
Рэфрэн:
5. Патокі рачныя весяляць горад Божы, *
святыя шатры Найвышэйшага.
6. Бог пасярод яго, і ён не пахіснецца, *
Бог дапаможа яму, калі прыйдзе світанак.
Рэфрэн:
8. Пан Магуццяў з намі, *
цвярдыня наша — Бог Якуба.
9. Прыйдзіце і пабачце справы Пана, *
якія ўчыніў Ён на зямлі.
Рэфрэн:
ф
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Вы святыня Божая
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Вы — будоўля Божая. Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы будуе. Няхай кожны глядзіць, як будуе, бо ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус.
Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас? Калі хто зруйнуе святыню Божую, таго зруйнуе Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся вы.
Гэта слова Божае.
фСПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
каб Маё імя было там навекі.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Казаў пра святыню цела свайго
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.
Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Ерузалем. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне.
На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць? Езус сказаў ім у адказ: Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе.
І сказалі юдэі: Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні?
Казаў пра святыню цела свайго. І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ