Потым Пан з’явіўся Якубу, потым — усім Апосталам
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Нагадваю вам, браты, Евангелле, якое я абвяшчаў вам і якое вы прынялі, і ў якім трываеце, і праз якое таксама збавіцеся, калі цвёрда захаваеце тое слова, што я абвясціў вам. Калі толькі не дарма паверылі.
Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў: што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання, што Ён быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання, і што з’явіўся Кіфе, а потым — Дванаццаці. Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя спачылі. Потым з’явіўся Якубу, потым — усім Апосталам. Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду.
Гэта слова Божае.
а
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМРэфрэн: Па ўсёй зямлі расходзіцца іх голас.
Або: Аллелюя.
2. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, *
пра справу рук Яго расказвае небасхіл.
3. Дзень дню апавядае слова, *
ноч ночы адкрывае веды.
Рэфрэн:
4. Няма мовы, і няма слоў, *
але чуецца іх голас.
5. Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх гук, †
і да межаў сусвету словы іхнія. *
Для сонца там шацёр у іх.
Рэфрэн:а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Філіп, хто Мяне бачыў, бачыў і Айца.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў яму: Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі.
Філіп кажа Яму: Пане, пакажы нам Айца і хопіць нам.
Адказаў яму Езус: Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца. Дык чаму ты кажаш: Пакажы нам Айца? Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Але Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы свае. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх учынкаў.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца Майго. І тое, аб чым папросіце ў імя Маё, Я зраблю гэта, каб ўславіўся Айцец у Сыне. Калі аб чым папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю гэта.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ