І выпаў лёс на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці Апосталаў
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні Пётр стаў сярод вучняў, а сабралася разам каля ста дваццаці чалавек, і сказаў: Браты, належала споўніцца словам Пісання, якія Дух Святы прадказаў вуснамі Давіда пра Юду, стаўшага правадыром для тых, хто схапіў Езуса. Бо ён быў залічаны да нас і атрымаў удзел у гэтым служэнні.
А ў кнізе Псальмаў напісана: Няхай апусцее жыллё ягонае, і няхай не будзе жыхароў у ім. Пасаду ягоную няхай зойме іншы.
Таму трэба, каб адзін з тых, хто быў з намі ўвесь час, калі заставаўся з намі Пан Езус, пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня Ягонага ўзнясення ад нас, стаў разам з намі сведкам Яго ўваскрасення.
І паставілі дваіх: Юзафа, якога звалі Барсабам, а празывалі Справядлівым, і Мацея. І, памаліўшыся, сказалі: Ты, Пане, ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў, каб ён заняў месца гэтага служэння і апостальства, ад якога адышоў Юда, каб пайсці сваім шляхам. І далі ім лёсы, і выпаў лёс на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці Апосталаў.
Гэта слова Божае.
а
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМРэфрэн: Пасадзіць яго Пан з князямі народа.
Або: Аллелюя.
1. Хваліце, слугі Пана, *
хваліце імя Пана.
2. Няхай будзе імя Пана благаслаўлёна *
цяпер і навекі.
Рэфрэн:
3. Ад усходу сонца да захаду *
няхай будзе праслаўлена імя Пана.
4. Узвышаны Пан над усімі народамі, *
па-над нябёсамі слава Ягоная.
Рэфрэн:
5. Хто падобны да Пана, Бога нашага, *
які жыве на вышынях,
6. які схіляецца, *
каб паглядзець на неба і зямлю,
Рэфрэн:
7. Які падымае беднага з пылу
і са смецця ўзносіць убогага,
8. каб пасадзіць яго з вяльможамі, *
з князямі Ягонага народа.
Рэфрэн:а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
каб вы ішлі і прыносілі плён,
і каб плён ваш трываў.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ