Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы імя Езуса
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Павел сказаў народу: Я — юдэй, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, але выхаваны ў гэтым горадзе, каля ног Гамаліэля, старанна настаўлены ў бацькоўскім Законе, руплівец Божы, як і ўсе вы сёння. Я да смерці пераследаваў гэты шлях, звязваў і кідаў у вязніцу і мужчын, і жанчын, як засведчаць пра мяне першасвятар і ўсе старэйшыны. Ад іх я атрымаў лісты і пайшоў да братоў у Дамаск, каб прывесці іх ў аковах у Ерузалем для пакарання.
Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба. Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: Саўле, Саўле, чаго ты пераследуеш Мяне?
Я адказаў: Хто Ты, Пане?
Ён сказаў мне: Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш.
Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною.
Тады я сказаў: Пане, што мне рабіць?
А Пан сказаў мне: Устань і ідзі ў Дамаск, і там табе будзе сказана пра ўсё, што трэба табе рабіць.
Паколькі я перастаў бачыць ад бляску таго святла, мае спадарожнікі прывялі мяне за руку ў Дамаск. Нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле Закону, пра якога ўсе жыхары юдэйскія добра сведчаць, прыйшоў да мяне і, стаўшы, сказаў мне: Браце Саўле, будзь зноў відушчы. І ў той жа момант я ўбачыў яго.
Ён жа сказаў мне: Бог айцоў нашых прадвызначыў цябе, каб ты спазнаў волю Ягоную, каб убачыў Справядлівага і пачуў голас з вуснаў Ягоных, бо ты будзеш сведкай Яму перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў. А цяпер чаго ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы імя Езуса.
Гэта слова Божае.
а
Або:
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Скажуць табе, што ты павінен зрабіць
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем.
Калі ён падчас падарожжа набліжаўся да Дамаска, раптам святло з неба асвятліла яго. Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне? Ён жа сказаў: Хто Ты, Пане?
А той адказаў: Я Езус, якога ты пераследуеш. Устань і ідзі ў горад, і скажуць табе, што ты павінен зрабіць.
Людзі, якія ішлі разам з ім, анямелі, бо чулі голас, але нікога не бачылі. Саўл падняўся з зямлі і, хоць вочы былі адкрытыя, нікога не бачыў. Узяўшы за руку, павялі яго ў Дамаск. Тры дні ён не бачыў і не еў, і не піў.
У Дамаску быў адзін вучань па імені Ананія. Пан аб’явіўся яму і сказаў: Ананія. А ён адказаў: Гэта я, Пане! Пан сказаў яму: Устань і ідзі на вуліцу, якая завецца Простай, і спытайся ў доме Юды пра Саўла з Тарсу, бо ён цяпер моліцца.
I ўбачыў Саўл у аб’яўленні чалавека па імені Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго рукі, каб ён зноў мог бачыць.
Адказаў Ананія: Пане, шмат ад каго я чуў пра гэтага чалавека, колькі ён учыніў зла Тваім святым у Ерузалеме. I тут ён мае ад першасвятароў уладу зняволіць усіх, хто заклікае імя Тваё.
Але Пан сказаў яму: Ідзі, бо гэты чалавек маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля. Я пакажу яму, колькі ён павінен выцерпець дзеля Майго імя.
Тады пайшоў Ананія і ўвайшоў у дом. І ўсклаўшы на яго рукі, сказаў: Браце Саўле, Пан Езус, які з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў мог бачыць і напоўніўся Святым Духам. І адразу нібы луска спала з вачэй ягоных, і стаў відучым, падняўся і быў ахрышчаны. А калі спажыў ежу, набраўся сілы.
Некалькі дзён Саўл быў з вучнямі ў Дамаску. І адразу пачаў абвяшчаць у сінагогах пра Езуса, што Ён Сын Божы. І ўсе, хто чуў, здзіўляліся і казалі: Ці не той гэта, які пераследаваў у Ерузалеме вызнаўцаў імені гэтага? І сюды прыйшоў ён для таго, каб зняволіць іх і прывесці да першасвятароў. Але Саўл умацоўваўся яшчэ больш і прыводзіў у замяшанне юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даказваючы, што Езус ёсць Месіяй.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Ідзіце і абвяшчайце Евангелле.
Або: Аллелюя.
1. Хваліце Пана, усе народы, *
праслаўляйце Яго ўсе плямёны.
2. Бо вялікая над намі Яго міласэрнасць, *
і вернасць Ягоная трывае навекі.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
і каб плён ваш трываў, — кажа Пан.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус з’явіўся Адзінаццаці і сказаў ім: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі; змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не зашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ