Кроў Езуса ачышчае нас ад усялякага граху
Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.
Умілаваныя:
Навіну, якую мы пачулі ад Езуса Хрыста, абвяшчаем вам, што Бог ёсць Святло і няма ў Ім ніякай цемры. Калі мы кажам, што маем еднасць з Ім, а ходзім у цемры, то мы хлусім і паступаем не па праўдзе. А калі ходзім у святле, як Ён ёсць у святле, то маем еднасць паміж сабою, і кроў Езуса, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усялякага граху. Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі ж вызнаём грахі нашыя, то Ён, верны і справядлівы, прабачыць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці. Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас слова Ягонага.
Дзеці мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. Калі ж хто зграшыць, то мы маем Заступніка перад Айцом, Езуса Хрыста справядлівага. Ён ёсць ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі, і не толькі за нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Наша дапамога — у імені Пана.
2. Калі б Пан не быў з намі, *
і людзі супраць нас паўсталі,
3. то яны праглынулі б нас жывымі, *
калі б распаліўся іх гнеў супраць нас.
Рэфрэн:
4. Тады б залілі нас воды, *
паток прайшоў бы над намі,
5. Тады прайшлі б над намі, *
бурлівыя воды.
Рэфрэн:
7. Душа наша, як птушка, вызвалілася з сіла лоўчых; *
сіло парвана, і мы ўратаваліся.
8. Дапамога наша — у імені Пана, *
які стварыў неба і зямлю.
Рэфрэна СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Цябе, Божа, праслаўляем; вызнаём Цябе, Пане, *
слаўны хор апосталаў Цябе ўсхваляе.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ірад паслаў пазабіваць усіх хлопцаў у Бэтлееме
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Калі мудрацы адышлі, вось, анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго, і ўцякай у Егіпет і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і пайшоў у Егіпет. І быў там да смерці Ірада. Так збылося сказанае Панам праз прарока: З Егіпта паклікаў Я Сына Майго.
Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, вельмі разгневаўся і паслаў пазабіваць усіх хлопцаў у Бэтлееме і ва ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і менш, паводле часу, які выведаў ад мудрацоў. Тады збылося сказанае прарокам Ераміяй, які кажа: Голас у Раме чутны, плач і лямант вялікі. Рахіль аплаквае дзяцей сваіх і не хоча суцешыцца, бо іх няма.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ