ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Хто слухае Бога, той шануе сваіх бацькоў
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Пан узвысіў айца перад дзецьмі,
і маці даў уладу над сынамі.
Хто шануе айца,
той чыніць уміласціўленне за грахі,
а хто шануе маці сваю,
той быццам скарбы збірае.
Хто шануе айца,
той будзе цешыцца дзяцьмі,
і ў дзень малітвы сваёй будзе пачуты.
Хто шануе айца, будзе доўга жыць,
а хто паслухмяны Пану,
той будзе пацехай для маці сваёй.
Дзіця, падтрымлівай айца свайго ў старасці
і не засмучай яго ў жыцці ягоным.
Калі нават пакіне яго розум,
будзь паблажлівым, не пагарджай ім,
будучы ў паўнаце сваёй сілы.
Бо міласэрнасць да айца не будзе забыта,
будзе выкупленнем за грахі твае.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Шчаслівы кожны, хто баіцца Пана.
1. Шчаслівы кожны, хто баіцца Пана, *
хто ходзіць Ягонымі шляхамі.
2. Плён працы рук сваіх будзеш спажываць, *
будзеш шчаслівы і добра табе будзе.
Рэфрэн:
3. Жонка твая, як ураджайная вінаградная лаза *
ў сценах дому твайго.
Сыны твае, як аліўкавыя парасткі, *
вакол стала твайго.
Рэфрэн:
4. Вось так будзе благаслаўлёны чалавек, †
які баіцца Пана. *
5. Няхай благаславіць цябе Пан з Сіёну,
і ўбачыш дабрабыт Ерузалема *
ва ўсе дні жыцця свайго.
Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Сямейнае жыццё ў Пану
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.
Браты:
Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць, церпячы адно аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы.
А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці. І няхай валадарыць у сэрцах вашых спакой Хрыстовы, да якога вы пакліканыя ў адным целе. І будзьце ўдзячнымі.
Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адно аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу. І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.
Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым, як належыць у Пану. Мужы, кахайце жонак і не будзьце суровымі да іх. Дзеці, будзьце паслухмянымі бацькам вашым ва ўсім, бо гэта падабаецца Пану. Айцы, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не падалі духам.
Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Няхай валадарыць у сэрцах вашых спакой Хрыстовы,
слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ
Вазьмі Дзіця і Маці Яго, і ўцякай у Егіпет
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Калі мудрацы адышлі, вось, анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і пайшоў у Егіпет, і быў там да смерці Ірада. Так збылося сказанае Панам праз прарока: З Егіпту паклікаў Я Сына Майго.
А калі Ірад памёр, вось анёл Пана з’явіўся ў сне Юзафу ў Егіпце і сказаў: Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраэля.
Але пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест бацькі свайго Ірада, пабаяўся ісці туды. І, атрымаўшы ў сне наказ, пайшоў у Галілейскую зямлю. Прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назаранінам.
Гэта слова Пана.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Хто выйдзе з нутра твайго, будзе тваім спадкаемцам
Чытанне кнігі Быцця.
У тыя дні:
Пан скіраваў да Абрама слова ў аб’яўленні, кажучы: Не бойся, Абраме! Я твой шчыт; узнагарода твая будзе вельмі вялікая. Абрам сказаў: Пане Божа, што Ты дасі мне? Я застаюся бяздзетны, і спадкаемцам будзе распарадчык у доме маім – Эліэзэр з Дамаска. І дадаў Абрам: Вось Ты не даў мне патомства, і таму дамачадзец мой будзе маім спадкаемцам. І скіраваў Пан да яго слова, кажучы: Не ён будзе тваім спадкаемцам, а той, хто выйдзе з нутра твайго, будзе тваім спадкаемцам. І вывеў яго вонкі, і сказаў яму: Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты зможаш палічыць іх. І сказаў яму: Такім вялікім будзе тваё патомства. Абрам паверыў Пану, і Ён залічыў яму гэта як праведнасць.
І Пан наведаў Сару, як Ён сказаў, і выканаў для Сары тое, што абяцаў. І зачала яна, і нарадзіла Абрагаму сына ў старасці ягонай, у час прадказаны яму Богам. І назваў Абрагам сына свайго, якога Сара нарадзіла яму, імем Ісаак.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пан вечна памятае пра свой запавет.
Або: Аллелюя.
1. Слаўце Пана, заклікайце імя Яго, *
абвяшчайце справы Яго сярод народаў.
2. Спявайце і грайце Яму псальмы, *
распавядайце пра ўсе Ягоныя цуды.
Рэфрэн:
3. Ганарыцеся імем Яго святым, *
няхай радуюцца сэрцы тых, хто шукае Пана.
4. Шукайце Пана і Яго моцы, *
шукайце заўсёды Яго аблічча.
Рэфрэн:
5. Памятайце пра цуды Ягоныя, якія ўчыніў, *
пра знакі Яго і суды вуснаў Ягоных.
6. Вы, патомства Абрагама, Яго слугі, *
сыны Якуба, вы Яго выбраныя.
Рэфрэн:
8. Вечна Ён памятае пра свой запавет, *
пра слова, якое даў тысячам пакаленняў,
9. пра запавет, які заключыў з Абрагамам, *
і пра сваю прысягу, дадзеную Ісааку.
Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Вера Абрагама, Сары і Ісаака
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Дзякуючы веры пакліканы Абрагам паслухаўся і накіраваўся да месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну. Ён выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.
Дзякуючы веры і бясплодная Сара, насуперак старому ўзросту, атрымала сілу, каб зачаць патомства, паколькі лічыла годным даверу таго, хто даў абяцанне. Таму ад аднаго чалавека, і гэта ад амярцвелага, нарадзілася так шмат, як зорак нябесных і незлічоных пясчынак на беразе мора.
Праз веру Абрагам, калі Бог выпрабоўваў яго, ахвяраваў Ісаака. Той, хто атрымаў абяцанне, прынёс нават адзінароднага сына, пра якога сказана: У Ісааку назавецца патомства тваё. Ён лічыў, што Бог мае моц уваскрасіць з мёртвых, таму і атрымаў яго як правобраз.
Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог
да айцоў нашых праз прарокаў,
у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ
Дзіця расло і напаўнялася мудрасцю
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам.
Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, тады вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.
Гэта слова Пана.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, Самуэль прызначаны будзе для Пана
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
У тыя дні:
Зачала Ганна і праз пэўны час нарадзіла сына, якому дала імя Самуэль, бо казала: Я выпрасіла яго ў Пана.
І пайшоў яе муж Элькана і ўвесь дом ягоны, каб здзейсніць для Пана штогадовую ахвяру і сваё абяцанне. Але Ганна не пайшла, бо сазала мужу свайму: Не пайду, пакуль немаўля не будзе аднята да грудзей і я не прывяду яго да Пана, каб ён застаўся там назаўсёды.
Калі Ганна адняла ад грудзі Самуэля, яна ўзяла яго з сабой, забіраючы таксама трохгадовае цяля, адну меру мукі і мех віна, і прыйшла з ім у Сілом, у дом Пана. Хлопчык той быў яшчэ дзіцём.
І забілі цяльца, і прывялі таго хлопчыка да Элія. І сказала яна: О, спадар мой! Няхай жыве душа твая, спадар мой! Я — тая самая жанчына, якая тут перад табою стаяла і малілася да Пана. Маліла аб гэтым хлопцы, і выканаў Пан просьбу маю, якую ўзносіла да Яго. І вось я аддаю яго Пану; ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, ён прызначаны будзе для Пана.
І пакланілася там Пану.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, Пане!
2. Якія мілыя Твае шатры, Пане Магуццяў! †
3. Знемагае і імкнецца душа мая *
ў двары Пана.
Сэрца маё і цела радасна клічуць *
да Бога жывога.
Рэфрэн:
5. Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, *
яны вечна спяваюць Табе.
6. Шчаслівы чалавек, сіла якога ў Табе. *
сцежкі ў сэрцы якога скіраваны да Цябе.
Рэфрэн:
9. Пане, Божа Магуццяў, выслухай маю малітву; *
схілі вушы, Божа Якуба.
10. Божа, абарона наша, паглядзі, *
паглядзі на твар памазаніка Твайго.
Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Завемся дзецьмі Божымі, якімі і ёсць мы
Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.
Умілаваныя:
Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі. Таму свет не ведае нас, што не пазнаў Яго. Умілаваныя! Цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць.
Умілаваныя, калі сэрца нашае не асуджае нас, то мы маем адвагу перад Богам. Аб чым ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем запаведзі Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца.
А запаведзь Яго такая, каб мы верылі ў імя Сына Яго Езуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён загадаў нам. І хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Богу, а Бог у ім. І па Духу, якога даў нам, мы даведваемся, што Ён жыве ў нас.
Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Адкрый, Пане, наша сэрца,
каб мы зважалі на словы Твайго Сына.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ
Знаходзяць Езуса ў святыні сярод настаўнікаў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Бaцькi Ягoныя хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi. I кaлі Яму былo двaнaццaць гaдoў, яны прыйшлі пaвoдле звычaю ў Ерузaлем на святa. Калі пасля заканчэння дзён свята яны вярталіся, зaстaлoся Дзiця Езус у Ерузaлеме, i не заўважылі гэтага Ягoныя бaцькi. Думaючы, штo Ён ідзе з падарожнымі, прайшлі дзень дaрoгi і тады пачалі шукaць Ягo мiж свaякaмi i знaёмымi. Не знaйшoўшы, вярнуліся ў Ерузaлем, шукaючы Ягo.
I стaлaся, што пaсля трoх дзён знaйшлі Ягo ў святынi. Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх. Усе ж, хто слухaў Ягo, дзівіліся рoзуму i aдкaзaм Ягoным. I, убaчыўшы гэта, здзiвiліся; i скaзaлa Яму Мaці Ягoнaя: Сыне, чаму Ты зрaбiў нaм гэтaк? Вoсь aйцец Твoй i я ў вялікім смутку шукaлі Цябе. I скaзaў iм: Чaгo ж вы Мяне шукaлі? Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу мaйму? A яны не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм.
I пaйшoўшы з iмi, прыйшoў у Нaзaрэт i быў iм паслухмяны. A Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм. Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ