ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Чыталі кнігу Закону, і рабілі зразумелым тое, што чыталася
Чытанне кнігі Нээміі.
У тыя дні:
Святар Ездра прынёс Закон на сход мужчын і жанчын, і ўсіх, хто мог разумець. І чытаў яго на плошчы, што перад Воднаю брамай, ад світання да сярэдзіны дня перад мужчынамі і жанчынамі, і тымі, хто мог разумець; і вушы ўсяго народу былі ўважлівыя да кнігі Закону.
Стаяў жа кніжнік Ездра на зробленым драўляным узвышэнні. І разгарнуў Ездра кнігу перад вачыма ўсяго народа, а стаяў ён вышэй за народ. Калі разгарнуў яе, увесь народ устаў. Благаславіў Ездра Вялікага Пана Бога, а ўвесь народ адказаў: «Амэн, амэн», падымаючы рукі свае. І кланяліся, і падалі на калені ніцма перад Панам. Левіты ж тлумачылі народу Закон, а народ стаяў на сваім месцы. І чыталі кнігу Закону Божага выразна, і тлумачылі, і раскрывалі сэнс, і рабілі зразумелым тое, што чыталася.
Тады намеснік Нээмія і Ездра, кніжнік і святар, і левіты, якія вучылі народ, сказалі ўсяму народу: «Дзень гэты святы для Пана Бога нашага. Не смуткуйце і не плачце». Бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону. І сказаў ім Нээмія: «Ідзіце, ешце тлустае і піце салодкае, і пасылайце часткі тым, хто не прыгатаваў сабе, таму што святы гэты дзень для Пана нашага. І не смуткуйце, бо радасць у Пану — гэта моц вашая».
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Слова Тваё — светач для маёй нагі.
129. Цудоўныя сведчанні Твае, *
таму захоўвае іх душа мая.
130. Адкрыццё словаў Тваіх асвятляе *
і дае разуменне простым.
Рэфрэн:
132. Паглядзі на мяне і змілуйся нада мною, *
Як робіш тым, хто любіць Твай імя.
133. Умацуй мае крокі Тваім словам, *
няхай не пануе нада мною ніякае беззаконне.
Рэфрэн:
135. Пакажы слугу Твайму святло свайго аблічча *
і навучы мяне Тваім пастановам.
144. Справядлівасць Тваіх сведчанняў вечная, *
дай мне разуменне, – і я буду жыць.
Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Кожны складзены будынак вырастае як святая святыня ў Пану
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены будынак вырастае як святая святыня ў Пану. У Ім і вы разам будуецеся, каб быць жыллём Бога ў Духу.
Гэта слова Божае
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Хвала табе, слова Божае.
Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой,
і брамы пякельныя не перамогуць яго.
Акламацыя: Хвала табе, слова Божае.
ЕВАНГЕЛЛЕ
Ты — Пётр, Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Яны ж адказалі: «Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміем ці адным з прарокаў». Ён сказаў ім: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога».
Тады Езус сказаў яму ў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сыне Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе».
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ