Пошук

25.01.2010 12:41  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 43, 16–21

Вось Я ўчыню новае і дам піць народу свайму

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан, які зрабіў шлях ў моры і сцежку ў магутных водах; які вывеў калясніцы, і коней, і магутнае войска. Усе разам палеглі, не ўстануць больш. Задзьмулі іх і пагасілі, як кнот.

Не ўспамінайце былога і не разважайце пра мінулае. Вось Я ўчыню новае, і цяпер з’явіцца яно; ці ж не ведаеце пра гэта? Я зраблю шлях у стэпе і рэкі ў пустыні. Уславяць Мяне дзікія звяры, шакалы і страусы, бо Я дам у стэпе ваду, у пустыні — рэкі, каб напаіць Мой выбраны народ. Гэты народ Я стварыў для сябе, ён будзе абвяшчаць Маю хвалу.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 126 (125), 1–2аb. 2cd–3. 4–5. 6  (Р.: 3)

Рэфрэн: Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас.

1. Калі Пан перамяніў лёс Сіёну, *
мы былі, быццам у сне.
2. Вусны нашыя тады былі поўныя смеху, *
а язык спяваў з радасці.

Рэфрэн:

Тады гаварылі між народамі: *
Вялікія рэчы ўчыніў Пан для іх.
3. Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас, *
і мы ўзрадаваліся.

Рэфрэн:

4. Змяні наш лёс, о Пане, *
як патокі на поўдзень.
5. Хто ў слязах сеяў, *
будзе з радасцю жаць.

Рэфрэн:

6. Хто ідзе і плача, *
несучы насенне, каб сеяць,
вернецца з радасцю, *
несучы снапы свае.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Флп 3, 8–14

Дзеля Хрыста я ўсё палічыў стратай, прыпадабняючыся да Ягонай смерці

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Я ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста і апынуцца ў Ім не са сваёю справядлівасцю, якая паходзіць з Закону, але з тою, якая паходзіць з веры ў Хрыста, са справядлівасцю ад Бога, заснаванай на веры, каб пазнаць Яго і моц Ягонага ўваскрасення і саўдзельнічаць у цярпеннях Ягоных, прыпадабняючыся да Ягонай смерці, каб нейкім чынам дасягнуць уваскрашэння з мёртвых.  

Не тое, каб я ўжо атрымаў гэта і ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Хрыстус Езус.

Браты, я не лічу, што ўжо атрымаў гэта, але толькі забываю тое, што за мною, і сягаю да таго, што наперадзе. Паводле мэты імкнуся да высокага паклікання Божага ў Хрысце Езусе.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Ёэл 2, 12–13
Цяпер кажа Пан:
Звярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам,
бо Я ласкавы і міласэрны.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 8, 1–11

Хто без граху, няхай першы кіне ў яе камень

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў з’явіўся ў святыні. І ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх.

Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Паставілі яе пасярэдзіне і сказалі Яму: Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве. А Майсей наказаў нам у Законе каменаваць такіх. А Ты што скажаш?

Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго.

Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень. І зноў, схіліўшыся, пісаў па зямлі.

Яны ж, калі пачулі гэта, выйшлі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся адзін Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.

Езус выпрастаўся і сказаў ёй: Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе? Яна адказала: Ніхто, Пане. Езус сказаў ёй: I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа