Пошук

25.01.2010 12:41  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Зых 3, 1–8а. 13–15

ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Майсей пасвіў авечак цесця свайго Етры, святара мадыянскага. І завёў  ён авечак далёка ў пустыню, і прыйшоў да Гарэба, Божай гары. І з’явіўся яму Анёл Пана ў полымі агню з сярэдзіны цярновага куста. І бачыў ён, як куст палаў агнём, але не згараў.

І сказаў Майсей: Падыду я бліжэй і пагляджу на гэтую вялікую з’яву: чаму куст не згарае. Убачыў Пан, што ён наблізіўся, каб паглядзець, і паклікаў яго з сярэдзіны куста, кажучы: Майсей, Майсей.

Той адказаў: Вось я.

І сказаў Бог: Не набліжайся сюды, здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, гэта святая зямля. І сказаў яшчэ: Я — Бог айца твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака, Бог Якуба.

І схаваў Майсей твар свой, таму што баяўся паглядзець на Бога.

І сказаў Пан: Я добра бачыў пакуты народа Майго ў Егіпце, Я чуў крык ягоны з-за прыгнятальнікаў яго. Я ведаю яго цярпенні. Таму сышоў Я, каб вызваліць яго з рук егіпцянаў і вывесці яго з гэтай зямлі ў зямлю добрую і прасторную, дзе сочыцца малако і мёд.

І сказаў Майсей Богу: Вось я прыйду да сыноў Ізраэля і скажу ім: Бог айцоў вашых паслаў мяне да вас. А калі яны спытаюцца ў мяне: Якое ў Яго імя? Што адказаць мне ім? Тады сказаў Бог Майсею: Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ. І сказаў: Так скажаш сынам Ізраэля: ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас.

І гаварыў далей Бог Майсею: Так скажаш сынам Ізраэля: Пан Бог айцоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба паслаў мяне да вас. Гэта імя Маё навекі і гэта напамін пра Мяне з пакалення ў пакаленне.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 6–7. 8 і 11 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.

5. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
6. Благаславі, душа мая, Пана *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.

Рэфрэн:

7. Ён адпускае ўсе беззаконні твае *
і вылечвае ўсе твае хваробы.
8. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.

Рэфрэн:

6. Пан здзяйсняе справядлівасць *
і правасуддзе для ўсіх прыгнечаных.
7. Ён паказаў шляхі свае Майсею, *
сынам Ізраэля — дзеі свае.

Рэфрэн:

8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
11. Бо, як высока ўзносіцца неба над зямлёю, *
настолькі вялікая міласэрнасць Пана да тых, хто Яго баіцца.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 10, 1–6. 10–12

Жыццё народа і Майсея ў пустыні напісана дзеля павучэння нам

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што айцы нашыя ўсе былі пад воблакам, усе прайшлі праз мора, усе хрысціліся за Майсеем у воблаку і ў моры, усе елі тую самую духоўную ежу, усе пілі той самы духоўны напой, бо пілі з духоўнай скалы, што спадарожнічала ім, а скалою быў Хрыстус. Аднак большасць з іх не ўпадабаў Бог, таму яны былі загублены ў пустыні.

Гэта адбылося як прыклад для нас, каб мы не пажадалі благога, як жадалі яны. Не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад згубіцеля.

Усё гэта здарылася з імі як прыклад на будучыню, бо напісана дзеля павучэння нам, якім выпала жыць у канцы вякоў. Таму, калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Мц 4, 17
Пакайцеся, — кажа Пан, —
бо наблізілася Валадарства Нябеснае.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 13, 1–9

Калі не пакаецеся, усе таксама загінеце

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Езусу пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. Езус адказаў ім на гэтае: Думаце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, бо так пацярпелі? Не. Кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх звалілася сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не. Але кажу вам, калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце.

І расказаў вось якую прыпавесць: Адзін чалавек меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?

Але той сказаў яму ў адказ: Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця