Пошук

25.01.2010 12:40  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ, ДАЎЖЭЙШАЕ
Зых 20, 1–17
Закон быў дадзены праз Майсея (Ян 1, 17)
 
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ   Зых 20, 1-3. 7-8. 12-17
 
Закон быў дадзены праз Майсея (Ян 1, 17)

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Сказаў Бог усе гэтыя словы:
Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі.
Не май іншых багоў, апроч Мяне.
Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, бо Пан не пакіне без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае дарэмна.
Памятай пра дзень шабату, каб свяціць яго.
Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб доўга жыць на зямлі, якую Пан Бог твой дасць табе.
Не забівай.
Не чужалож.
Не  крадзі.
Не сведчы фальшыва супраць бліжняга свайго.
Не пажадай дому бліжняга свайго; не пажадай ні жонкі яго, ні ягонага нявольніка, ні ягонай нявольніцы, ні вала ягонага, ні асла ягонага — нічога, што належыць яму.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 19 (18), 8. 9. 10. 11  (Р.: Ян 6, 68с)

Рэфрэн: Пане, Ты маеш словы вечнага жыцця.

8. Закон Пана дасканалы, *
умацоўвае душу,    
сведчанне Пана вернае, *
яно дае мудрасць простым.

Рэфрэн: 

9. Загады Пана справядлівыя *
і радуюць сэрца;
наказ Пана ясны, *
прасвятляе вочы.

Рэфрэн:

10. Боязь Божая беззаганная *
і вечна трывае;
прысуды Пана праўдзівыя *
і ўсе справядлівыя.

Рэфрэн:

11. Больш каштоўныя, чым золата, *
чым мноства чыстага золата,
і саладзейшыя за мёд *
і сок сотавы.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 1, 22–25

Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — прычына ўпадку, а для тых, хто пакліканы, — Божая мудрасць

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — прычына ўпадку, для язычнікаў — глупства, а для тых, хто пакліканы, і юдэяў, і грэкаў — Ён Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць. Бо неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, а слабое ў Бога мацнейшае за людзей.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Ян 3, 16
Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага,
каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 2, 13–25

Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Ерузалем. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне.

На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць? Езус сказаў ім у адказ: Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні  ўзнясу яе.  

І сказалі юдэі: Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні?

Казаў жа Ён пра святыню цела свайго. І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.

І калі Ён быў у Ерузалеме на свяце Пасхі, многія, убачыўшы ўчыненыя Ім цуды, паверылі ў імя Ягонае. Але сам Езус не давяраўся ім, бо сам ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа