Пошук

25.01.2010 12:40  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 9, 8–15

Запавет Бога з Ноем, уратаваным ад водаў патопу

Чытанне кнігі Быцця.

Так сказаў Бог Ною і сынам ягоным, якія былі з ім, кажучы:

Вось Я ўстанаўлю запавет Мой з вамі і з вашым патомствам пасля вас, і з кожнаю жывою душою, якая з вамі, з птушкамі, жывёлай і ўсімі звярамі зямнымі, якія з вамі — з усім, што сыдзе з каўчэга, з усім, што жыве на зямлі. Устанаўлю запавет Мой з вамі; і больш ніколі воды патопу не заб’юць усялякага цела, і не будзе больш патопу, які спусташае зямлю.

І сказаў Бог: Вось знак запавету, які Я ўстанаўлю на вечныя пакаленні паміж Мною і вамі, і кожнаю жывою душою, якая з вамі: кладу вясёлку Маю на воблаку, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю. І станецца, калі Я навяду воблака на зямлю, што з’явіцца вясёлка Мая на воблаку, і ўспомню пра запавет Мой, які Я ўстанавіў з вамі і з кожнаю жывою душою ўсялякага цела; і больш ніколі воды не стануць патопам, што знішчае ўсялякае цела.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 25 (24), 4–5ab. 6–7bc. 8–9  (Р.: пар. 10)

Рэфрэн: Усе дарогі Пана, гэта вернасць і праўда.

4. Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *
і навучы мяне сцежкам Тваім.
5. Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, *
бо Ты Бог збаўлення майго.

Рэфрэн:

6. Узгадай пра міласэрнасць сваю, Пане, *
і пра ласку сваю, бо яны спрадвеку.
7. Памятай пра мяне паводле міласэрнасці Тваёй, *
дзеля вялікай дабрыні Тваёй.

Рэфрэн:

8. Пан добры і справядлівы, *
таму паказвае грэшнікам шлях.
9. Ён кіруе прыніжанымі ў справядлівасці *
і навучае пакорных шляхам cваім.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 П 3, 18–22

Вас ратуе цяпер хрост

Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.

Умілаваныя:

Хрыстус аднойчы пацярпеў за грахі, справядлівы за несправядлівых, каб прывесці вас да Бога. Забіты у целе, але ажыўлены ў Духу. У Ім таксама Ён прыйшоў абвяшчаць тым духам, што ў вязніцы, якія некалі былі непакорнымі, калі Божая доўгацярплівасць чакала ў дні Ноя, у час пабудовы каўчэга, на якім нямногія, усяго восем душ, уратаваліся праз ваду.

Так і нас, паводле гэтага ўзору, яна ратуе цяпер праз хрост, не праз абмыццё цялеснага бруду, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, праз уваскрасенне Езуса Хрыста, які, узышоўшы на неба, знаходзіцца праваруч Бога, і якому пакарыліся Анёлы і ўлады, і моцы.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 4, 4b

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Не адным хлебам жыве чалавек,
але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 1, 12–15

Сатана выпрабоўваў Езуса, і Анёлы служылі Яму

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму. Пасля ж таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 19.02.2018 11:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа