Пошук

25.01.2010 12:40  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Быц 22, 1–2. 9а. 10–13. 15–18

Ахвяра патрыярха нашага Абрагама

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Выпрабоўваў Бог Абрагама і сказаў яму: Абрагаме. І ён адказаў: Гэта я. Бог сказаў: Вазьмі сына твайго адзінага, якога ты любіш, Ісаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і там прынясі яго на ўсеспаленне на адной з гор, пра якую Я скажу табе.

Калі прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог, Абрагам пабудаваў там ахвярнік. І працягнуў Абрагам руку сваю, і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго.

Але анёл Пана паклікаў яго з неба і сказаў: Абрагаме, Абрагаме. Ён адказаў: Гэта я. Анёл сказаў: Не падымай рукі тваёй на хлопца і не рабі з ім нічога, бо цяпер Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінага для Мяне. Узняў Абрагам вочы свае і ўбачыў за сабою барана, які заблытаўся ў гушчары рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на ўсеспаленне замест сына.

Анёл Пана другі раз паклікаў Абрагама з неба і сказаў: Клянуся, — кажа Пан, — паколькі ты зрабіў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінага, то Я благаслаўлю цябе і памножу патомства тваё, як зоркі на небе і як пясок на беразе мора, і патомства тваё здабудзе брамы ворагаў тваіх. І атрымаюць благаслаўленне ў патомстве тваім усе народы зямлі, бо ты паслухаўся голасу Майго.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 116B (115), 10 і 15. 16–17. 18–19 (Р.: Пс 116 (114), 9)

Рэфрэн: Буду хадзіць перад Панам на зямлі жывых.

10. Я верыў нават тады, калі казаў: *
Я моцна прыгнечаны.
15. Каштоўная ў вачах Пана *
смерць Яго святых.

Рэфрэн:

16. Я слуга Твой, сын слугі Тваёй, *
Ты разарваў мае кайданы.
17. Я прынясу Табе ахвяру хвалы *
і буду заклікаць імя Пана.

Рэфрэн:

18. Выканаю свае абяцанні для Пана *
перад усім Яго народам.
19. У дварах дому Пана, *
сярод цябе, Ерузалем.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 8, 31b–34

Бог не пашкадаваў уласнага Сына

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Калi Бог за нас, хто ж супраць нас? Той, хто ўласнага Сына не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсiх нас, ці ж таксама не дасць нам разам з Iм усяго? Хто будзе абвiнавачваць выбраных Богам? Ці ж Бог, які апраўдвае? Хто будзе асуджаць іх? Ці ж Хрыстус, які памёр, а нават больш за тое, уваскрос, знаходзіцца праваруч Бога і заступаецца за нас?

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

З воблака светлага пачуўся голас Айца:
Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 9, 2–10

Гэта Сын Мой умілаваны

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем і гутарылі з Езусам.

І на гэта Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.

І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа