Пошук

25.01.2010 12:39  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Быц 12, 1–4а

Пакліканне Абрагама, Айца Божага Народа

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Пан сказаў Абраму: Выйдзі са сваёй роднай зямлі і з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу. Я ўчыню з цябе вялікі народ і буду благаслаўляць цябе, і ўзвялічу імя тваё, і станеш благаслаўленнем. Буду благаслаўляць тых, хто цябе благаслаўляе, а тых, хто зневажае цябе, Я пракляну. І будуць благаслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі.

І выйшаў Абрам, як загадаў яму Пан.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 33 (32), 4–5. 18–19. 20 і 22 (Р.: 22)

Рэфрэн: Міласэрнасць Твая, няхай будзе над намі.

4. Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5. Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.

Рэфрэн:

18. Вось вока Пана над тымі, хто Яго баіцца, *
над тымі, хто спадзяецца на Яго міласэрнасць,
19. каб Ён душу іх уратаваў ад смерці *
і накарміў іх у час голаду.

Рэфрэн:

20. Душа наша чакае Пана, *
Ён — наша дапамога і абарона.
22. Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі, *
бо мы на Цябе спадзяёмся!

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

2 Цім 1, 8b–10

Бог нас заклікае і асвятляе

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Наймілейшы:

Далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля паводле моцы Бога, які ўратаваў нас і паклікаў святым пакліканнем не за нашыя ўчынкі, але паводле ўласнай пастановы і ласкі, дадзенай нам у Хрысце Езусе перад вечнымі часамі і адкрытай цяпер праз аб’яўленне Збаўцы нашага, Езуса Хрыста, які знішчыў смерць і асвятліў жыццё і несмяротнасць Евангеллем.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

З воблака светлага пачуўся голас Айца:
Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 17, 1–9

Аблічча Ягонае заззяла, як сонца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім.

Пётр сказаў у адказ Езусу: Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі.

Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: Гэта Сын Мой Умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся.

А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: Устаньце і не бойцеся. Калі яны ўзнялі свае вочы, нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.

І калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.