Пошук


06.01.2010 15:34  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Ян 4, 19 — 5, 4

Хто любіць Бога, няхай любіць і брата свайго

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас. Калі б хто сказаў: Я люблю Бога, — а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць. І мы маем ад Яго такую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.

Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і выконваем запаведзі Яго. Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы выконвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі.

Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 72 (71), 1–2. 14 і 15bc. 17 (Р.: пар. 11)

Рэфрэн: Усе народы свету будуць служыць Пану.

1. Божа, дай суд Твой каралю *
і сыну караля Тваю справядлівасць.
2. Няхай судзіць народ Твой справядліва *
і прыгнечаных Тваіх паводле права.

Рэфрэн:

14. Ад крыўды і ўціску Ён выбавіць іхнія душы, *
і каштоўнай будзе іх кроў у вачах Ягоных.
15. І будуць маліцца за Яго няспынна, *
і кожны дзень будуць Яго благаславіць.

Рэфрэн:

17. Імя Ягонае будзе трываць навекі, *
пакуль свеціць сонца, будзе трываць імя Ягонае.
Благаслаўлёныя будуць у Ім усе плямёны, *
будуць славіць Яго ўсе народы.

Рэфрэна СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Лк 4, 18
Пан намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 4, 14–22а

Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею і разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. Ён навучаў ва ўсіх сінагогах, і ўсе Яго славілі.

І прыйшоў Ён у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць. І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. Ён, разгарнуўшы кнігу, трапіў на месца, дзе было напісана:

Дух Пана на Мне;
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным,
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана.

І, закрыўшы кнігу, Ён аддаў яе слузе і сеў. І вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі. І ўсе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 23.06.2017 11:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа