Мы перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў
Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.
Умілаваныя:
Такая ёсць воля Божая, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адно аднаго. Не так, як Каін, які быў ад злога і забіў свайго брата. А дзеля чаго забіў яго? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата ягонага — справядлівыя. І не здзіўляйцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас. Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў. Хто не любіць, застаецца ў смерці.
Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, той чалавеказабойца, а ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае ў сабе жыцця вечнага. Па гэтым пазналі мы любоў, што Ён аддаў за нас сваё жыццё. І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў. Калі хтосьці мае дастатак у свеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім?
Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю. І па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім нашыя сэрцы. Бо калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё. Умілаваныя, калі сэрца нашае не асуджае нас, то мы маем адвагу перад Богам.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Усклікай Пану ўся зямля.
2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.
Рэфрэн:
3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ, *
і авечкі Ягонай паствы.
Рэфрэн:
4. Уваходзьце ў брамы Яго з падзякаю, †
на дзядзінцы Ягоныя з пахвалою, *
праслаўляйце і благаслаўляйце Яго імя.
Рэфрэн:
5. Бо Пан ёсць добры, †
навекі міласэрнасць Яго, *
а Яго вернасць з пакалення ў пакаленне.
Рэфрэна СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
прыйдзіце народы, пакланіцеся Пану,
бо сёння на зямлю сышло вялікае святло.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ты Сын Божы, Ты Валадар Ізраэля
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус вырашыў пайсці ў Галілею і, знайшоўшы Філіпа, кажа яму: Ідзі за Мною. Філіп жа быў з Бэтсаіды, з горада Андрэя і Пятра. Філіп знайшоў Натанаэля і сказаў яму: Мы знайшлі таго, пра каго пісалі ў Законе Майсей і прарокі, Езуса — сына Юзафа з Назарэту.
Але Натанаэль сказаў яму: Ці можа быць штосьці добрае з Назарэту? Філіп адказаў яму: Ідзі і паглядзі.
Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, сказаў пра яго: Вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма падману.
Натанаэль сказаў Яму: Адкуль Ты ведаеш мяне?
Езус сказаў яму ў адказ: Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю.
Адказаў Яму Натанаэль: Раббі, Ты Сын Божы! Ты Валадар Ізраэля!
Езус сказаў яму ў адказ: Ці ты верыш, таму што Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта.
І кажа яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба расчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ