Пошук


02.01.2010 02:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Ян 2, 22–28

Тое, што вы чулі ад пачатку, няхай жыве ў вас

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Хто ілгун, калі не той, хто пярэчыць, што Езус — гэта Месія? Той антыхрыст, хто адракаецца ад Айца і Сына. Кожны, хто адракаецца ад Сына, не мае і Айца, а хто вызнае Сына, мае і Айца. Тое, што вы чулі ад пачатку, няхай жыве ў вас; калі жыве ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце жыць у Сыне і Айцу. Абяцанне ж, якое Ён даў нам, гэта вечнае жыццё.

Напісаў я гэта вам пра тых, хто зводзіць вас. А памазанне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас жыве, і вы не патрабуеце, каб хтосьці вучыў вас. Але паколькі само памазанне вучыць вас усяму, будучы праўдзівым і неілжывым, то ў тым, чаму навучыла вас, жывіце.

Цяпер, дзеці, жывіце ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мы мелі адвагу і не былі асаромленыя перад Ім у час Ягонага прыйсця.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 98 (97), 1. 2–3аb. 3cd–4 (Р.: 3c)

Рэфрэн: Убачылі ўсе збаўленне Бога нашага.

1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:

2. Паказаў Пан сваё збаўленне, *
перад вачыма народаў аб’явіў сваю справядлівасць.
3. Успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць*
для дому Ізраэля.

Рэфрэн:

Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікай Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.

Рэфрэна СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Гбр 1, 1–2
Шмат разоў прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў,
у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 1, 19–28

Той, хто ідзе за мною

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Вось сведчанне Яна. Калі юдэі паслалі з Ерузалема святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: Хто ты? Ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: Я не Хрыстус.

І спыталіся ў яго: Дык хто ж? Ты Ілля?

І сказаў: Не.

Ты прарок?

І ён адказаў: Не.

Тады сказалі яму: Хто ж ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?

Ён сказаў: Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану, як сказаў прарок Ісая.

А пасланцы ж былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус,  ні Ілля і ні прарок?

Ян сказаў ім у адказ: Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях ягоных.

Было гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 23.06.2017 11:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа