ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Узрадуюся ў Пану
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Дух Пана Бога на мне,
бо Пан намасціў мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім.
Паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў,
прапаведаваць вызваленне палонным
і вязням — свабоду;
абвяшчаць год ласкі Пана.
Узрадуюся ў Пану,
узвесяліцца душа мая ў Богу маім;
бо Ён апрануў мяне ў шаты збаўлення,
плашчом справядлівасці ахінуў мяне,
як жаніха, увянчаў каронай,
як нявесту, упрыгожыў сваімі каштоўнасцямі.
Бо, як зямля дае сваю расліннасць,
і, як сад родзіць пасеянае ў ім,
так Пан Бог учыніць, што ўзыдзе справядлівасць
і слава перад усімі народамі.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Душа ўзвесяліцца ў Богу маім.
46. Велічае душа мая Пана, *
47. і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
48. Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, *
і цяпер благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні.
Рэфрэн:
49. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, *
а імя Яго святое.
50. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне *
над тымі, хто Яго баіцца.
Рэфрэн:
53. Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.
54. Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Дух ваш і душа, і цела няхай захаваюцца без заганы ў прайсце Пана
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.
Браты:
Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас Божая воля ў Езусе Хрысце. Духа не гасіце. Прароцтвамі не пагарджайце. Усё правярайце, трымайцеся добрага. Устрымлівайцеся ад усялякага роду зла.
Сам жа Бог спакою няхай асвяціць вас цалкам, і ўвесь дух ваш, і душа, і цела, няхай захаваюцца без заганы ў прыйсце Пана нашага Езуса Хрыста. Верны той, хто вас кліча; Ён гэта і здзейсніць.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло.
І вось сведчанне Яна. Калі юдэі паслалі з Ерузалема святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: Хто ты? Ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: Я не Хрыстус.
І спыталіся ў яго: Дык хто ж? Ты Ілля?
І сказаў: Не.
Ты прарок?
І ён адказаў: Не.
Тады сказалі яму: Хто ж ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?
Ён сказаў: Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану, як сказаў прарок Ісая.
А пасланцы ж былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля, і ні прарок?
Ян сказаў ім у адказ: Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях ягоных.
Было гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ