ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Пашлю да вас прарока Іллю, перш чым прыйдзе дзень Пана
Чытанне Кнігі прарока Малахіі.
Гэта кажа Пан Бог:
Вось Я пасылаю анёла майго, і ён падрыхтуе дарогу перада Мною, і нечакана прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце, і Анёл Запавету, якога вы чакаеце. Вось Ён ідзе, – кажа Пан Магуццяў. І хто вытрывае дзень Ягонага прыйсця, і хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Бо Ён як агонь плавільшчыка, і як луг, што ачышчае. І сядзе, як плавільшчык і як той, хто ачышчае серабро, і ачысціць сыноў Левія, і пераплавіць іх, як золата і серабро, і яны будуць прыносіць Пану ахвяру ў справядлівасці. Тады спадабаецца Пану ахвяра Юды і Ерузалема, як у дні даўнія і як у мінулыя гады.
Вось я пашлю да вас прарока Іллю, перш чым прыйдзе дзень Пана, вялікі і страшны. І ён зверне сэрцы бацькоў да сыноў, і сэрцы сыноў да бацькоў, каб Я, прыйшоўшы, не кінуў на зямлю праклён.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Падыміце галовы, бо набліжаецца вашае адкупленне.
4. Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *
і навучы мяне сцежкам Тваім.
5. Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, *
бо Ты — мой Бог і Збаўца.
Рэфрэн:
8. Пан добры і справядлівы, *
таму паказвае грэшнікам шлях.
9. Ён кіруе пакорнымі ў справядлівасці *
і навучае ўбогіх шляхам сваім
Рэфрэн:
10. Усе сцежкі Пана — гэта міласэрнасць і вернасць *
для тых, хто захоўвае запавет і наказы Яго.
14. Пан добразычлівы да тых, хто Яго баіцца, *
і запавет свой Ён адкрывае ім.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
прыйдзі і збаў чалавека, якога Ты стварыў з пылу.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Нараджэнне Яна Хрысціцеля
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Альжбеце надышоў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына. І пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан праявіў да яе такую вялікую міласэрнасць, і радаваліся разам з ёю.
На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. Але маці ягоная сказала ў адказ: Не, але будзе названы Янам.
І сказалі ёй, што няма нікога з сям’і яе, каго б называлі такім імем.
І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы хацеў назваць яго. Ён папрасіў таблічку і напісаў: Ян — імя Яго. І ўсе здзівіліся.
У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога.
Усіх іхніх суседзяў ахапіў страх, і расказвалі яны пра ўсё гэта па ўсёй горнай краіне Юдэі. Усе, хто чуў, разважалі пра ўсё гэта ў сэрцах сваіх і казалі: Што ж гэта будзе за дзіця? Бо рука Пана была з ім.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ