ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Абуджу для Давіда Парастак справядлівы
Чытанне Кнігі прарока Ераміі.
Вось настануць дні, — кажа Пан, — і абуджу для Давіда Парастак справядлівы, і запануе Кароль, і будзе Ён мудрым, і будзе чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі. У дні Ягоныя збаўлены будзе Юда, і Ізраэль будзе жыць у бяспецы. І вось імя Ягонае, якім будуць называць Яго: Пан — наша справядлівасць.
Таму вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўжо не будуць казаць: жывы Пан, які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі егіпецкай, але: жывы Пан, які вывеў і прывёў племя дому Ізраэля з паўночнай зямлі і з усіх земляў, па якіх рассеяў іх. І яны будуць жыць на зямлі сваёй.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Калі прыйдзе Збаўца, вечны мір настане.
1. Божа, дай суд Твой каралю *
і сыну караля Тваю справядлівасць.
2. Няхай судзіць народ Твой справядліва *
і прыгнечаных Тваіх паводле права.
Рэфрэн:
12. Бо Ён вызваліць убогага, які Яго кліча, *
і прыгнечанага, які дапамогі не мае.
13. Змілуецца Ён над бедным і ўбогім, *
і душы бедных уратуе.
Рэфрэн:
18. Благаслаўлёны Пан , Бог Ізраэля, *
адзіны, які чыніць цуды.
19. Благаслаўлёнае імя велічы Ягонай навекі, *
няхай напоўніцца славаю Яго ўся зямля.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
які на Сінаі даў Закон Майсею,
прыйдзі нас збавіць моцаю сваёю.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Езус будзе народжаны з Марыі, заручанай з Юзафам, патомкам Давіда
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.
Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.
А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае «з намі Бог».
Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ