ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Анёл прадказвае нараджэнне Самсона
Чытанне Кнігі Суддзяў.
У тыя дні:
Быў чалавек адзін з Сараа, з пакалення Дана па імені Маноах. Жонка ягоная была бясплодная і не магла нарадзіць. І з’явіўся жонцы анёл Пана і сказаў ёй: Вось ты бясплодная і не можаш нарадзіць, але зачнеш і народзіш сына. Таму цяпер будзь асцярожнай, не пі віна і хмяльнога напою і не спажывай нічога нячыстага. Бо ты зачнеш і народзіш сына, і брытва не дакранецца да галавы ягонай, бо хлопец гэты будзе Божым назірэем ад самага ўлоння. І ён пачне выбаўляць Ізраэль з рук філістымлянаў.
Пайшла жонка і сказала мужу свайму: Чалавек Божы прыходзіў да мяне, і выгляд яго быў, як выгляд Божага анёла, поўны велічы. І я не спытала ў яго, адкуль ён, і ён не назваў мне імені свайго. Ён сказаў мне: Вось ты зачнеш і народзіш сына; таму не пі віна і хмяльнога напою, і не спажывай нічога нячыстага, бо хлопец гэты будзе Божым назірэем ад самага ўлоння аж да сваёй смерці.
І нарадзіла тая жанчына сына, і дала яму імя Самсон. Рос хлопец той, і благаслаўляў яго Пан. А Дух Пана пачаў дзейнічаць у ім.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Буду я славіць веліч Тваю, Пане.
3. Будзь мне скалою прыстанішча, *
дзе я мог бы заўсёды схавацца.
Ты загадаў уратаваць мяне, †
бо Ты — скала мая і мая цвярдыня. *
4. Божа мой, вызвалі мяне з рук бязбожнага.
Рэфрэн:
5. Бо Ты — мая надзея, Божа мой, Пане,*
Ты спадзяванне маё з маладосці маёй.
6. На Цябе абапіраюся я ад улоння, *
з улоння маці Ты вывеў мяне.
Рэфрэн:
16. Раскажу пра моц Бога, *
узгадаю Тваю справядлівасць, толькі Тваю.
17. Божа, Ты вучыў мяне з маладосці маёй, *
і дагэтуль я цуды Твае абвяшчаю.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
больш не спазняйся, прыйдзі нас збавіць.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Арханёл Габрыэль прадказвае нараджэнне Яна Хрысціцеля
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У часы Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар па імені Захарыя, з роду Абія. Жонка ягоная была з роду Аарона; і было імя яе Альжбета. Абодва яны былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплодная; былі яны ўжо ў старым узросце.
Калі Захарыя па вызначанай чарзе выконваў святарскае служэнне перад Богам, яму, паводле святарскага звычаю, выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб кадзіць. Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння.
І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. І збянтэжыўся Захарыя, калі ўбачыў яго, і страх ахапіў яго.
Анёл жа сказаў яму: Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына і назавеш яго імем Ян. І будзе табе радасць і вяселле, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, і не будзе піць ні віна, ні хмяльнога напою, і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні маці сваёй. І многіх з сыноў Ізраэля наверне да Пана Бога іхняга. І пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, непаслухмяных да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць для Пана народ дасканалы. І сказаў Захарыя анёлу: Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце.
І сказаў анёл яму ў адказ: Я, Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе добрую вестку. І вось будзеш ты маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час.
Народ жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні. А калі ён выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што меў аб’яўленне ў святыні. Ён жа гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.
А калі скончыліся дні служэння ягонага, ён вярнуўся ў свой дом. Пасля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і ўкрывалася пяць месяцаў, і казала: Так учыніў мне Пан у тыя дні, калі глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ