Пошук


26.11.2009 23:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 54, 1–10

Бог верны свайму Запавету

Чытанне Кнігі прарока Ісаі.

Узрадуйся, бясплодная,
якая не нарадзіла;
усклікай ад радасці і весяліся,
якая не спазнала болю родаў!
Бо ў пакінутай будзе больш сыноў,
чым сыноў у той, якая мае мужа, — кажа Пан.
Пашыр месца тваёй скініі,
расцягні палотны твайго шатра, не саромейся,
падоўж свае шнуры, умацуй калкі свае!
Бо ты разрасцешся направа і налева,
і патомства тваё авалодае народамі
і заселіць спустошаныя гарады.
Не бойся, бо не будзеш асаромлена,
не саромейся, бо не будзеш зняважана.
Ты забудзеш сорам сваёй маладосці
і больш не будзеш памятаць ганьбы твайго ўдаўства.
Бо мужам тваім ёсць Стварыцель твой,
Пан Магуццяў — імя Ягонае;
і Адкупіцель твой — Святы Ізраэля,
Богам усёй зямлі Ён будзе названы.
Бо як жонку пакінутую і засмучаную духам,
кліча цябе Пан.
І як да жонкі маладосці, якая была адвергнута,
звяртаецца твой Бог:
На малы час Я пакінуў цябе,
але з вялікай міласцю прыму цябе.
У прыступе гневу Я схаваў ад цябе
на хвіліну аблічча Маё,
але ў вечнай міласэрнасці злітуюся над табою, —
кажа Пан, Адкупіцель твой.
Бо для Мяне гэта, як воды Ноя,
калі прысягнуў Я, што воды Ноя не прыйдуць
больш на зямлю;
так прысягнуў Я, што не буду гневацца на цябе
і дакараць цябе не буду.
Бо горы знікнуць,
і пагоркі захістаюцца,
але міласэрнасць Мая не адступіць ад цябе,
і запавет спакою Майго не пахіснецца, —
кажа Пан, які спагадае табе.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 30 (29), 2 і 4. 5–6. 11–12а і 13b (Р.: 2а)

Рэфрэн: Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне выбавіў.

2. Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне выбавіў *
і не дазволіў ворагам маім пацяшацца з мяне.
4. Пане, Ты вывеў з адхлані душу маю, *
Ты ўратаваў жыццё маё сярод тых, хто сыходзіць у магілу.

Рэфрэн:

5. Спявайце Пану вы, Ягоныя верныя, *
памятайце пра святасць Ягоную.
6. Бо гнеў Яго трывае імгненне, +
а Яго ласкавасць — усё жыццё. *
Увечары прыходзіць плач, а раніцай — радасць.

Рэфрэн:

11. Пачуй, Пане, і злітуйся нада мною, *
Пане, будзь мне дапамогай!
12. Ты нараканне маё замяніў на танец.
13. Пане, Божа мой! Буду хваліць Цябе вечна.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Лк 3, 4. 6
Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму,
і кожнае цела ўбачыць Божае збаўленне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 7, 24–30

Ян пасланы падрыхтаваць дарогу Пану

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі ж пасланцы Яна пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы хадзілі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто багата апранаецца і раскошна жыве, знаходзяцца ў каралеўскіх палацах. На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана: Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу.

Кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма нікога большага за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго.

І ўвесь народ, які слухаў Яго, і мытнікі прызналі справядлівасць Бога і ахрысціліся хростам Янавым. А фарысеі і кніжнікі адкінулі волю Божую адносна сябе і не прынялі хросту ад яго.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця