Пошук


26.11.2009 23:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ліч 24, 2–7. 15–17а

Узыходзіць зорка ад Якуба

Чытанне Кнігі Лічбаў.

У тыя дні:

Узняў Валаам вочы свае і ўбачыў Ізраэля, які размясціўся плямёнамі сваімі, і сышоў на яго Дух Божы. І сказаў ён прароцтва сваё, кажучы: Кажа Валаам, сын Бэора, кажа муж з вокам адкрытым, кажа той, хто чуе Божыя словы, які бачыць тое, што Усемагутны паказвае яму; які падае, і адкрываюцца вочы ягоныя. Якія прыгожыя шатры твае, Якубе, жыллё тваё, Ізраэль!

Распасціраюцца яны як даліны, як сады каля ракі, як альясавыя дрэвы, што пасадзіў Пан, як кедры каля водаў. Паліецца вада з вёдраў ягоных, і насенне яго будзе ў мностве вады; і пераўзыдзе Агага ягоны кароль, і ўзвысіцца валадарства ягонае.

І закончыўшы прароцтва сваё, сказаў: Кажа Валаам, сын Бэора, кажа муж з вачыма адкрытымі, кажа той, хто чуе Божыя словы, які пазнаў разуменне Усявышняга, які бачыць тое, што Усемагутны паказвае яму; які падае, і адкрываюцца вочы ягоныя. Бачу яго, але не цяпер яшчэ, гляджу на яго, але не зблізку. Узыходзіць зорка ад Якуба, і падымаецца жазло ад Ізраэля.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 25 (24), 4–5ab. 6–7bc. 8–9 (Р.: 4b)

Рэфрэн: Навучы мяне сцежкам Тваім, Пане.

4. Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *
і навучы мяне сцежкам Тваім.
5. Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, *
бо Ты — мой Бог і Збаўца.

Рэфрэн:

6. Узгадай пра міласэрнасць сваю, Пане, *
і пра ласку сваю, бо яны спрадвеку.
7. Памятай пра мяне паводле міласці Тваёй, *
дзеля вялікай дабрыні Тваёй.

Рэфрэн:

8. Пан — добры і справядлівы, *
таму паказвае грэшнікам шлях.
9. Ён кіруе прыніжанымі ў справядлівасці, *
і навучае пакорных шляхам cваім.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Пс 85 (84), 8
Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць
і дай нам сваё збаўленне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 21, 23–27

Адкуль быў Янаў хрост?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Аднойчы:

Калі Езус прыйшоў у святыню і навучаў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу? Езус сказаў ім у адказ: Спытаюся і Я ў вас пра адно; калі скажаце Мне пра гэта, тады і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю. Адкуль быў Янаў хрост: з неба ці ад людзей?

Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: Калі скажам: з неба, дык Ён скажа нам: Чаму ж вы не паверылі яму? А калі скажам: ад людзей, баімся натоўпу, бо ўсе лічаць Яна прарокам.

І, адказваючы Езусу, яны сказалі: Не ведаем. Тады і Ён сказаў ім: І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа