ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Пан будзе цешыцца табою ў весялосці
Чытанне Кнігі прарока Сафоніі.
Радуйся, дачка Сіёна!Трыумфуй, Ізраэль!
Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема!
Адмяніў Пан прысуд над табою,
прагнаў ворага твайго!
Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе:
ужо больш не ўбачыш зла.
У той дзень скажуць Ерузалему:
Не бойся! — і Сіёну:
Няхай жа не слабнуць рукі твае!
Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць!
Будзе вельмі радавацца табе,
узрушаны ў любові сваёй,
будзе цешыцца табою ў весялосці,
як у святочны дзень.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Вялікі сярод цябе Святы Ізраэля.
2. Вось Бог— маё збаўленне, на Яго спадзяюся і баяцца не буду.*
Бо Пан — мая моц і мая песня, †
Ён стаў маім збаўленнем.
3. Вы з радасцю будзеце чэрпаць ваду *
з крыніцаў збаўлення.
Рэфрэн:
4. Праслаўляйце Пана, *
заклікайце імя Ягонае
і абвяшчайце сярод народаў справы Яго; *
нагадвайце, што ўзнёслае імя Ягонае.
Рэфрэн:
5. Спявайце Пану, бо Ён учыніў вялікія рэчы, *
абвясціце гэта па ўсёй зямлі.
6. Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёну, *
бо вялікі сярод цябе Святы Ізраэля.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Пан блізка
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты:
Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу.
І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Што мы павінны рабіць?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Аднойчы:
Калі Ян навучаў над Ярданам, пыталіся ў яго людзі: Што мы павінны рабіць? Ён сказаў ім у адказ: Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае; і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае.
Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: Настаўнік! Што мы павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нічога, што больш за дазволенае вам, не патрабуйце.
Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: А мы што павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю.
Калі ж народ чакаў, і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Хрыстус ён, Ян адказаў усім: Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу ў свіран свой, а мякіну спаліць агнём непагасным.
Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ