Пошук


26.11.2009 23:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 41, 13–20

Я Адкупіцель твой, Святы Ізраэля

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Я, Пан Бог твой,
які ўзяў цябе за правіцу тваю,
і кажа табе: Не бойся,
Я дапамагу табе.
Не бойся, чарвяк Якубе,
люд Ізраэля.
Я дапамагу табе, — кажа Пан,
Адкупіцель твой, Святы Ізраэля.
Вось зраблю цябе вострай малатарняй,
новай, зубчатай.
Ты будзеш малаціць і крышыць горы,
і пагоркі ўчыніш мякінай.
Ты будзеш веяць іх і вецер разнясе іх,
і віхор іх рассее;
і ты ўзрадуешся ў Пану,
будзеш ганарыцца Святым Ізраэля.
Прыніжаныя і ўбогія шукаюць вады,
і няма яе.
Язык іх сохне ад смагі.
Я, Пан, выслухаю іх,
Я, Бог Ізраэля, іх не пакіну.
Я адкрыю рэкі на голых пагорках,
і крыніцы сярод раўнінаў.
Я пустыню ператвару ў возера,
і сухую зямлю ў водныя крыніцы.
Кедр пасаджу ў пустыні,
акацыю, мірт, і аліўку;
Змяшчу ў стэпе разам кіпарыс, явар і бук,
каб убачылі і ведалі,
пазналі і зразумелі ўсе,
што рука Пана ўчыніла гэта,
Святы Ізраэля стварыў гэта.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 145 (144), 1 і 9. 10–11. 12–13аb (Р.: 8)

Рэфрэн: Пан міласэрны і доўгацярплівы.

1. Буду ўзвялічваць Цябе, Бог і Валадар мой, *
і благаслаўляць імя Тваё навекі.
9. Пан добры да ўсіх, *
і міласэрнасць Яго над усімі стварэннямі Ягонымі.

Рэфрэн:

10. Няхай славяць Цябе, Пане, усе Твае стварэнні *
і ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.
11. Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства *
і магутнасць Тваю абвяшчаюць.

Рэфрэн:

12. Няхай сыны чалавечыя даведаюцца пра Тваю магутнасць *
і пра веліч славы Твайго Валадарства.
13. Валадарства Тваё — валадарства ўсіх вякоў, *
і панаванне Тваё — з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
пар. Іс 45, 8
Крапіце, нябёсы, з вышыняў,
і хмары няхай пральюць справядлівасць;
няхай адкрыецца зямля і народзіць Збаўцу.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 11, 11–15

Не было большага за Яна Хрысціцеля

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Аднойчы:

Езус сказаў народу: Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не было большага за Яна Хрысціцеля; але найменшы ў Валадарстве Нябесным — большы за яго. З часоў Яна Хрысціцеля і дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і гвалтаўнікі захапляюць яго. Бо ўсе прарокі і Закон прарочылі аж да Яна. І калі вы захочаце паверыць, то ён — Ілля, які павінен прыйсці.

Хто мае вушы, няхай слухае.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця