ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Усемагутны Бог умацоўвае знямоглага
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
З кім вы параўнаеце Мяне,і Я буду роўны яму?— кажа Святы.
Узніміце ўгору вашыя вочы і паглядзіце:
Хто стварыў гэтыя зоркі?
Той, хто выводзіць іх шматлікае войска,
і кліча іх усіх па імені.
Сярод такой магутнасці
і вялікай моцы
ніхто не застаецца пакінутым.
Чаму ты кажаш, Якубе,
і ты, Ізраэль, гаворыш:
Схавана дарога мая ад Пана,
у Бога майго забыты закон мой.
Хіба не ведаеш ты? Хіба не чуў ты?
Пан - Бог вечны,
Ён стварыў межы зямлі.
Ён не стамляецца, не знясільваецца,
і неспазнаны розум Ягоны.
Ён дае стомленаму сілу,
Ён умацоўвае знямоглага.
І юнакі стамляюцца і знясільваюцца,
і маладыя, блукаючы, спатыкаюцца.
Але тыя, хто спадзяецца на Пана, адновяць сілы,
расправяць крылы, як арлы,
пабягуць і не стомяцца,
пойдуць і не знясіляцца.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Благаславі, душа мая, Пана.
1. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
2. Благаславі, душа мая, Пана, *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.
Рэфрэн:
3. Ён адпускае ўсе беззаконні твае, *
і вылечвае ўсе твае хваробы,
4. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.
Рэфрэн:
8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
10. Не чыніць з намі паводле грахоў нашых *
і не адплачвае паводле правінаў нашых.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Вось наш Пан прыходзіць, каб збавіць народ свой.
Благаслаўлёныя, гатовыя выйсці Яму насустрач.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Аднойчы:
Адказваючы, Езус сказаў: Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне: бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ