ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Бог змілуецца над табою на голас ляманту твайго
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Гэта кажа Пан Бог, святы Ізраэля:
Ты, народзе на Сіёне, які жывеш у Ерузалеме, не будзеш больш плакаць. Бог змілуецца над табою на голас ляманту твайго, і калі пачуе яго, адкажа табе.
І дасць вам Пан хлеб пакуты і ваду прыгнёту; але твой Настаўнік не будзе хавацца, і вочы твае ўбачаць Настаўніка твайго, і вушы твае пачуюць слова, сказанае за табою: Гэта дарога, ідзіце па ёй, калі б вы адхіліліся ўправа ці ўлева.
Ён спашле дождж на насенне тваё, якім ты засееш раллю, і хлеб, плён зямлі, будзе сытны і пажыўны. Статак твой у той дзень будзе пасвіцца на прасторных пашах. Валы і аслы, якія апрацоўваюць зямлю, будуць есці салёную мяшанку, прасеяную лапатай і віламі.
І на кожнай высокай гары, і на кожным высокім узгорку будуць ручаі, патокі водаў у дзень разгрому вялікага, калі ўпадуць вежы. І святло месяца будзе, як святло сонца, а святло сонца павялічыцца ў сем разоў, як святло сямі дзён, у той дзень, калі Пан перавяжа рану свайго народа і залечыць язвы ад удару свайго.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Шчаслівыя ўсе, хто спадзяецца на Пана.
1. Хваліце Пана, бо прыемна праслаўляць Бога нашага,
бо прыемна спяваць Яму песню хвалы. *
2. Пан будуе Ерузалем, *
збірае выгнаннікаў Ізраэля.
Рэфрэн:
3. Ён лечыць зламаныя сэрцы, *
і перавязвае іх раны.
4. Ён падлічвае колькасць зорак *
і кожную называе па імені.
Рэфрэн:
5. Вялікі наш Пан і вялікая моц Ягоная, *
і мудрасць Ягоная невымерная.
6. Пакорных Пан падымае, *
а бязбожных паніжае да зямлі.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Пан — суддзя наш, Пан — наш заканадаўца,
Пан — валадар наш, Ён нас збавіць.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Убачыўшы натоўпы людзей, Ён злітаваўся над імі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Абходзіў Езус усе гарады і вёскі, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач.
Убачыўшы натоўпы людзей, Ён злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра.
Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво, сапраўды, вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.
І, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: Найбольш ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ