ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
У той дзень вочы сляпых будуць бачыць
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Гэта кажа Пан Бог:Ці ж у хуткім часе
не станецца Лібан садам,
і ці не будуць лічыць сад лесам?
І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі,
і вочы сляпых з цемры і змроку будуць бачыць.
І радасць пакорлівых павялічыцца ў Пану,
і бедныя будуць цешыцца ў Святым Ізраэля.
Бо не будзе больш крыўдзіцеля,
і насмешнік знікне,
і прападуць усе, хто імкнецца да несправядлівасці,
хто ў словах асуджае чалавека
і на таго, хто судзіцца ў браме, ставіць пастку,
уводзіць справядлівага ў замяшанне.
Таму Пан, які адкупіў Абрагама,
так кажа дому Якуба:
Цяпер Якуб не будзе асаромлены,
і аблічча ягонае больш не збялее.
Бо калі ўбачыць дзяцей сваіх,
справу рук Маіх,
то будзе свята шанаваць імя Маё,
і свята шанаваць будуць Святога Якубавага,
і Бога Ізраэля будуць баяцца.
І той, хто блукае духам, набудзе разуменне,
і хто наракае, атрымае настаўленне.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пан — маё святло і маё збаўленне.
1. Пан — маё святло і маё збаўленне: *
каго ж мне баяцца?
Пан — ахова жыцця майго: *
каго ж мне палохацца?
Рэфрэн:
4. Аднаго я прашу у Пана і толькі гэтага жадаю, +
каб жыць мне у доме Пана *
ва ўсе дні жыцця майго.
Каб сузіраць хараство Пана *
і наведваць Яго святыню.
Рэфрэн:
13. Веру, што ўбачу дабрыню Пана *
ў краіне жывых.
14. Спадзявайся на Пана, будзь мужным, *
няхай умацуецца сэрца тваё, спадзявайся на Пана.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Прыйдзе наш Пан з моцай вялікай,
і асветліць вочы сваіх слугаў.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Аздараўленне сляпых, якія паверылі ў Езуса
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі Езус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім двое сляпых, якія крычалі: Змілуйся над намі, Сыне Давіда!
І калі Ён прыйшоў у дом, сляпыя падышлі да Яго. І кажа ім Езус: Ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?
Яны кажуць Яму: Так, Пане!
Тады Ён дакрануўся да вачэй іхніх і сказаў: Няхай станецца вам паводле веры вашай.
І адкрыліся іх вочы. І Езус сурова наказаў ім: Глядзіце, каб ніхто не даведаўся. А яны, калі выйшлі, абвясцілі пра Яго па ўсёй той зямлі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ