Пошук

26.11.2009 23:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 26, 1–6

Няхай увойдзе народ справядлівы

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У той дзень заспяваюць гэтую песню
ў зямлі Юдэйскай:
У нас моцны горад;
Ён даў нам муры і вал для абароны.
Адчыніце брамы!
Няхай увойдзе народ справядлівы,
які захоўвае вернасць.
Моцнага духам Ты захоўваеш у глыбокім спакоі,
бо ён спадзяецца на Цябе.
Спадзявайцеся на Пана заўсёды,
бо Пан ёсць вечная Скала!
Бо Ён прынізіў тых,
хто жыве на вышыні,
высока ўзняты горад зваліў,
зваліў яго на зямлю,
скінуў яго ў пыл.
Топчуць яго ногі, ногі прыгнечаных і ступні бедных.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 118 (117), 1 і 8–9. 19–21. 25–27а (Р.: 26а)

Рэфрэн: Благаслаўлёны, хто ідзе ў імя Пана.
Альбо: Аллелюя.

1. Хваліце Пана, бо Ён добры, +
бо навекі міласэрнасць Ягоная. *
8. Лепш ускладаць надзею на Пана, +
чым спадзявацца на чалавека.
9. Лепш ускладаць надзею на Пана, *
чым спадзявацца на вяльможных.

Рэфрэн:

19. Адчыніце мне брамы справядлівасці, +
я ўвайду ў іх і буду праслаўляць Пана. *
20. Вось брамы Пана, +
справядлівыя ўвойдуць у іх.
21. Слаўлю Цябе, бо Ты мяне пачуў *
і стаўся маім збаўленнем.

Рэфрэн:

25. О Пане, збаў! О Пане, паспрыяй. *
26. Благаслаўлёны, хто ідзе ў імя Пана,
благаслаўляем вас з дому Пана. *
27. Пан ёсць Богам, +
і Ён асвятліў нас.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Іс 55, 6
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе сябе знайсці,
клічце Яго, пакуль Ён блізка.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 7, 21. 24–27

Хто выконвае волю Айца, той увойдзе ў Нябеснае Валадарства

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў вучням сваім:

Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане, — увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але толькі той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах.

Вось жа кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале.

А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека неразважлівага, які пабудаваў свой дом на пяску. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і было падзенне яго вялікае.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа