ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Спачне на Ім Дух Пана
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
У той дзень:
Выйдзе парастак з пня Есэевага,
і атожылак з кораня ягонага прынясе плод;
і спачне на ім Дух Пана,
дух мудрасці і разумення,
дух парады і моцы,
дух пазнання і боязі Пана.
Напоўніцца баяззю Пана,
і будзе судзіць не з погляду вачэй сваіх,
і не са слыху вушэй сваіх будзе асуджаць.
Ён будзе судзіць убогіх паводле справядлівасці,
і прыгнечаным зямлі будзе выносіць прысуд ў праўдзе;
і жазлом вуснаў сваіх ударыць зямлю,
і дыханнем вуснаў сваіх заб’е няправеднага.
І будзе справядлівасць паясам на бёдрах Яго,
і вернасць - поясам на сцёгнах Ягоных.
Тады воўк будзе жыць разам з ягнцам,
і леапард разам з казлянём будзе ляжаць;
і цяля, і малады леў, і вол будуць разам,
а малы хлопчык будзе паганяць іх.
І карова будзе пасвіцца разам з мядзведзіцай,
і дзеці іх будуць ляжаць разам,
і леў, як вол, будзе есці салому.
І немаўля будзе гуляць над нарою аспіда,
і дзіця працягне руку сваю да гнязда гадзюкі.
Не будуць чыніць зла ані шкоды на ўсёй святой гары Маёй,
бо будзе напоўнена зямля пазнаннем Пана,
як водамі напаўняецца мора.
І будзе ў той дзень:
корань Есэя, што стане сцягам для народаў,
будуць шукаць язычнікі,
і стане слаўным месца ягонага адпачынку.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Калі прыйдзе Збаўца, вечны мір настане.
1. Божа, дай суд Твой каралю, *
і сыну караля — Тваю справядлівасць.
2. Няхай судзіць народ Твой справядліва *
і прыгнечаных Тваіх — паводле права.
Рэфрэн:
7. У дні Ягоныя закрасуе справядлівасць, *
і вялікі спакой, аж пакуль не знікне месяц.
8. І будзе Ён панаваць ад мора да мора, *
і ад ракі аж да краю зямлі.
Рэфрэн:
12. Бо Ён вызваліць убогага, які Яго кліча, *
і прыгнечанага, які дапамогі не мае.
13. Змілуецца Ён над бедным і ўбогім, *
і душы бедных Ён уратуе.
Рэфрэн:
17. Імя Ягонае будзе трываць навекі, *
пакуль свеціць сонца, будзе трываць імя Ягонае.
Благаслаўлёныя будуць у Ім усе плямёны, *
будуць славіць Яго ўсе народы.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Прыйдзе наш Пан з моцай вялікай,
і асветліць вочы сваіх слугаў.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Езус узрадаваўся ў Духу Святым
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час ўзрадаваўся Езус у Духу Святым і сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў дзецям. Так, Ойча, бо такое было Тваё ўпадабанне.
Усё перададзена мне Айцом Маім, і ніхто не ведае, хто ёсць Сын, апроч Айца, і хто ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын хоча адкрыць.
І, звярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што бачыце вы! Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі ўбачыць тое, што бачыце вы — і не ўбачылі, і чуць тое, што чуеце вы — і не пачулі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ