Пошук

26.11.2009 23:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 2, 1–5

Пан збірае ўсе народы ў вечны мір Божага Валадарства

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Слова, якое бачыў Ісая, сын Амоса
пра Юдэю і Ерузалем.
І станецца ў апошнія дні,
што гара дому Пана будзе пастаўлена на вяршыні гораў
і ўзвысіцца па-над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе плямёны.
І пойдуць многія народы і скажуць:
Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана
у дом Бога Якубава,
і навучыць Ён нас сваім шляхам,
і мы пойдзем Ягонымі сцежкамі.
Бо з Сіёну выйдзе Закон,
і слова Пана з Ерузалема.
І будзе Ён судзіць плямёны,
і асудзіць многія народы;
і перакуюць мячы свае на плугі,
і дзіды свае на сярпы;
не ўздыме народ на народ мяча,
і не будуць больш вучыцца ваяваць.
Доме Якуба! Прыйдзіце, і пойдзем
у святле Пана.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 122 (121), 1–2. 4–5. 6–7. 8–9 (Р.: пар. 1)

Рэфрэн: З радасцю пойдзем у дом Пана Бога.

1. Узрадаваўся я, калі мне сказалі: *
Пойдзем у дом Пана.
2. Вось стаяць нашыя ногі *
у брамах Тваіх, Ерузалем.

Рэфрэн:

4. Туды ўзыходзяць пакаленні, пакаленні Пана, *
каб, паводле сведчання Ізраэля, праслаўляць імя Пана.
5. Там стаяць судовыя троны, *
троны дому Давіда.

Рэфрэн:

6. Прасіце міру для Ерузалема: *
Няхай спакой маюць тыя, хто любіць Цябе.
7. Няхай будзе мір у мурах Тваіх, *
дабрабыт у палацах Тваіх.

Рэфрэн:

8. Дзеля братоў маіх і бліжніх маіх, *
скажу я: Мір табе.
9. Дзеля дома Пана, Бога нашага, *
буду жадаць дабра табе.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пар. Пс 80 (79), 4
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Пане, Божа наш, прыйдзі збавіць нас,
пакажы аблічча Тваё, і мы будзем збаўленыя.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 8, 5–11

Многія прыйдуць з усходу і захаду ў Валадарства Нябеснае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падыйшоў да Яго сотнік і прасіў Яго, кажучы: Пане! Слуга мой ляжыць дома спаралізаваны і страшэнна пакутуе.

Езус кажа яму: Я прыйду і вылечу яго.

Сотнік жа сказаў у адказ: Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой. Бо і я чалавек падуладны, але маю пад сабою жаўнераў, кажу аднаму: Ідзі, і ідзе; і другому: Прыйдзі, і прыходзіць; і слузе майму: Зрабі тое, і робіць.

Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў услед за Ім: Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры. Кажу ж вам, што многія  прыйдуць з усходу і захаду і сядуць за стол з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа