Каментарый да літургіі
«Гавары, Пане, бо слухае слуга Твой».
Кожная Імша, у якой удзельнічаем, з’яўляецца непаўторным скарбам з Неба. Хоць часам можа падавацца, што ўсё дзеецца аднолькава, тыя ж адказы, тыя ж жэсты… Але ёсць тая частка, якая заўсёды значна змяняецца – літургія Божага слова, тое, што нам падрыхтавана менавіта на сёння, каб маглі ад усяго сэрца сказаць: «Гавары, Пане, бо слухае слуга Твой». Вельмі важна, каб дадзенае нам багацце не было змарнавана праз духоўную ляноту, страту ўважлівасці і даверу да Бога.
Каментарый да літургіі слова
«Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае».
У гэтым фрагменце Евангелля Езус можа падавацца нам вельмі суровым, бессардэчным. Але на самой справе зусім наадварот. Езус клапоціцца пра збаўленне свету і паказвае, што за дробнымі жыццёвымі справамі губляецца нешта больш важнае. Валадарства Божае абвяшчаецца ў сучасным свеце шматлікай колькасцю людзей, гэта не толькі святары ці сёстры законныя, але і свецкія людзі. І ўсіх іх яднае тое, што Богу яны прысвячаюць час, які дадзены на зямлі. Шмат людзей задаюцца пытаннем: колькі часу ў дзень прысвячаць Богу? І адказ вельмі просты: прысвячаць столькі часу, колькі хацелі б, каб Ён прысвячаў вам.
Малітва вернікаў
Да Бога Усемагутнага, нашага Стварыцеля, узнясём пакорныя малітвы:
- Молімся за Святы Касцёл, каб яднаў людзей ва ўзаемнай веры, надзеі і любові.
- Молімся за папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб палымнеючым сэрцам прапаведвалі Божае слова.
- Молімся за ўсіх новаахрышчаных, каб з кожным днём усё больш узрасталі і ўзмацняліся ў веры.
- Молімся за сужэнцаў, каб будавалі сямейныя адносіны на надзейным падмурку, якім ёсць Езус Хрыстус.
- Молімся за нас, тут сабраных, каб заўсёды хапала часу на Бога, які чакае сустрэчы з намі.
Просім Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs