Каментарый да літургіі
Сучасны свет прымушае нас бесперапынна набываць, трымаць, адварочваючы нас такім чынам ад сапраўдных каштоўнасцей. Тое, што тут, на зямлі, нас акружае, з'яўляецца нестабільным і нетрывалым. Толькі добрыя справы, выкананыя з Божай ласкай і з добрымі намерамі, знаходзяць прыгажосць у вачах Творцы.
Эўхарыстыя, якую мы цяпер будзем цэлебраваць, з'яўляецца для нас скарбам, які дазваляе браць з крыніцы Божай ласкі.
За тое, што мы не заўсёды ідзем па Божым шляху, а матэрыяльныя даброты засланяюць для нас духоўныя, перапросім Бога. Каб мы маглі наблізіцца да Яго, слухаць Яго словы і прыняць да свайго сэрца.
Каментарый да літургіі слова
Толькі такі чалавек можа быць шчаслівы, які пакіне ўсё для Езуса і пойдзе за Ім. Літургія слова сённяшняй нядзелі заклікае нас адмовіцца ад усяго, што засланяе для нас Езуса і аддзяляе ад Яго. Мы павінны дазволіць Духу Святому намі кіраваць і тады будзем сапраўды вольнымі.
Давайце адкрыем нашыя сэрцы на слова Божае ў нашым жыцці.
Малітва вернікаў
Да Бога, які заўсёды нас выслухоўвае, з верай занясём нашыя просьбы:
- Молімся за Касцёл Святы,каб у сённяшнім свеце абвяшчаў Евангелле і вёў усе народы да збаўлення. Цябе просім...
- Молімся за Айца Святога, біскупаў і святароў, каб, напоўненыя моцаю Духа Святога, кіравалі Касцёлам. Цябе просім...
- Молімся за сем’і, каб, моцныя Богам, выхоўвалі дзяцей паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў. Цябе просім...
- Молімся за хворых, бедных і самотных, каб сустрэлі на сваім шляху жыцця людзей, якія змогуць ім дапамагчы. Цябе просім...
- Молімся за памерлых, каб дасягнулі шчасця прабывання ў Валадарстве Нябесным. Цябе просім...
- Молімся за нас, сабраных вакол алтара Пана, каб мы, перамененыя Божым словам і Хлебам Эўхарыстычным, моцна трывалі ў веры. Цябе просім...
Божа, выслухай нашыя малітвы, якія да Цябе з верай прыносім. Праз Хрыста, Пана нашага.
С. Людміла Леўдаровіч MChR