Пошук

15.06.2013 12:47  

Каментарый да літургіі

Кожная Эўхарыстыя нагадвае нам пра неспасцігальную таямніцу любові Бога да чалавека, які аддаў свайго Адзінароднага Сына, каб праз муку на крыжы Ён вызваліў нас з няволі граху і адкрыў нам брамы неба. Святая Імша — актуалізацыя таямніцы, якая адбывалася на крыжы. Эўхарыстыя для кожнага хрысціяніна з’яўляецца ўрокам прабачэння ворагаў і любові да іх. Толькі той сапраўды любіць, хто здольны ад усяго сэрца прабачыць віну свайму брату.

За недахоп любові і прабачэння ў нашых сем’ях і ўсюды, дзе мы знаходзімся, перапросім Бога, каб мы маглі наблізіцца да крыніцы любові і прабачэння з чыстымі сэрцамі.

Каментарый да літургіі слова


У першым чытанні з Другой Кнігі Самуэля мы становімся сведкамі прызнання Давідам свайго граху. Вызнанне віны дае яму жыццё — прабачэнне. Прабачэнне зла, здзейсненага чалавекам, магчыма толькі праз веру ў Езуса Хрыста, а не праз учынкі Закону. Аб прабачэнні, якое паходзіць з веры, кажа нам сёння святы Павел у другім чытанні. У Евангеллі паводле Лукі мы становімся ўдзельнікамі даравання ўсіх правінаў жанчыне, якая слязьмі жалю за свае грахі абмыла ногі Езуса.

Няхай сённяшняя літургія Божага слова навучыць нас прабачаць нашым вінаватым, каб мы здолелі любіць і прабачаць так, як Езус.

Малітва вернікаў

Да Бога Айца, багатага міласэрнасцю, скіруем нашы просьбы.

  1. Ойча, які паслаў у свет Езуса Хрыста, каб абвяшчаў Добрую Навіну пра збаўленне, спашлі патрэбныя ласкі Касцёлу, каб у гэтыя цяжкія часы станавіўся мацнейшым. Цябе просім.
  2. Ойча, які Сына свайго ўстанавіў Каралём каралёў, удзялі дар разважнасці кіруючым,, каб яны былі не толькі настаўнікамі і кіраўнікамі ў краіне, але найперш слугамі праўды. Цябе просім.
  3. Ойча, які паклікаў нас да жыцця, адары здароўем і патрэбнымі ласкамі нашых бацькоў, выхавацеляў і настаўнікаў, якія сваім прысвячэннем і любоўю адкрываюць чалавечыя сэрцы на прыгажосць і дабро. Цябе просім.
  4. Ойча, які клічаш да вечнасці, дай памерлым з нашых сем’яў, блізкім, суседзям і сябрам удзел у жыцці, якое працягваецца вечна ў Валадарстве збаўленых. Цябе просім.
  5. Ойча, чый Провід заўсёды нас суправаджае, умацоўвай нас у барацьбе з грахом і ўчыні, каб мы адкінулі ўсё, што нас аддаляе ад Тваёй любові. Цябе просім.


Пане, Ты найлепей ведаеш, што нам патрэбна, удзялі нам ласкі, аб якіх Цябе просім, дадай нам сіл, каб мы маглі годна ісці Тваім шляхам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Паводле wiara.pl


Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.