Пошук

05.06.2013 12:11  

Каментарый да літургіі

Кожная Эўхарыстыя — гэта сустрэча з Хрыстом. Кожная прынятая святая Камунія – гэта дотык Бога. Дотык, які павінен перамяняць нашае жыццё, перамяняць нашу цемру цяжкасцяў і непаразуменняў і весці да сапраўднага святла, да міласэрнасці і дапамогі іншаму чалавеку, які знаходзіцца побач і патрабуе яе. Патрабуе нашай працянутай рукі, нашага слова суцяшэння. Менавіта гэтаму сёння вучыць нас слова Божае, якое пачуем падчас Эўхарыстыі.

Таму будзем прасіць Хрыста, каб навучыў нас несці дапамогу кожнаму, хто яе патрабуе, суцяшаць засмучаных і спачуваць тым, хто церпіць, а таксама, каб мы стараліся пазбягаць сітуацый, якія прычыняць крыўду нашым бліжнім.

Каментарый да літургіі слова

Кожны чалавек здольны любіць, бо атрымлівае гэты дар пры нараджэнні. Менавіта любоў з’яўляецца крыніцай міласэрнасці, дабрыні, прабачэння.

Сёння літургія слова паказвае нам Бога, які ёсць Любоў, і Яго любоў праяўляецца ва ўчынках. Бог выслухоўвае просьбы таго, хто да Яго звяртаецца. Бачым гэта выразна на прыкладзе Іллі, які прасіў Бога за сына ўдавы, які памёр, і Бог вярнуў яго да жыцця.

У Евангеллі пачуем, як Езус злітаваўся над жанчынай, уваскрасіўшы яе адзінага сына. Тут бачым, што толькі Бог з’яўляецца ўладаром жыцця. Але таксама Езус дае прыклад нам, што наша любоў да Яго не павінна быць толькі пачуццём, але весці да ўчынкаў.

Падчас сустрэчы з удавой Хрыстус суперажывае ёй і адразу аказвае літасць. Няхай сёння кожны запытае сябе: ці бачу я цярпенне і перажыванне чалавека, якога сустракаю ў сваім штодзённым жыцці? Ці стараюся дапамагчы яму альбо прагну абмінуць?

Езус сёння нас вучыць любові ў адносінах да кожнага, каго спатыкаем. Ці ў нашым сэрцы яшчэ ёсць месца для бескарыснай любові?

Малітва вернікаў

Удзячныя за любоў і міласэрнасць, якую да нас нястомна праяўляе Бог, скіруем да Яго нашыя просьбы:

  • Молімся за Айца Святога Францішка, каб быў прыкладам сапраўднай Божай міласэрнасці.
  • Молімся за краіны, у якіх пануюць міжрэлігійныя спрэчкі, каб зразумелі, што Бог прагне толькі любові і супакою, а не нянавісці.
  • Молімся за людзей, якія знаходзяцца ў роспачы, каб змаглі звярнуцца да Хрыста, які дае надзею і суцяшэнне.
  • Молімся за памерлых, каб спазналі Божую міласэрнасць у Нябесным Валадарстве.
  • Молімся за нашу эўхарыстычную супольнасць, каб мы ўчынкамі сведчылі аб любові Бога да кожнага стварэння.

Выслухай, Езу, нашыя просьбы і навучы нас жыць у еднасці і любові.

Падрыхтавала с. Марына Брылёнак


Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця