Пошук

01.06.2013 10:43  

Каментарый да літургіі

«Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога?»

Такімі словамі звяртаецца св. Павел да Галатаў, але таксама і да нас. Сярод спакусаў сучаснага свету вельмі важна заставацца верным Богу і Яго Слову, якое сталася Целам і пасялілася паміж намі, якое надалей жыве і нясе збаўленне ўсяму свету. У штодзённым жыцці бывае цяжка паводзіць сябе як сапраўдны хрысціянін – дапамагчы бедаку пры дарозе, не прамаўчаць, калі ідзе гаворка пра «карысць» абортаў, не праходзіць міма там, дзе дзеецца несправядлівасць, і г.д. Не шукайма ж упадабання асяроддзя, якое змяняецца, але толькі Бога, які ёсць крыніцай вечнага шчасця.

Каментарый да літургіі слова

«…нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры».


Сапраўды, сотнік з Евангелля меў чыстае і вялікае сэрца. Толькі такое сэрца можа клапаціцца пра патрэбы і боль іншых. Той чалавек, за якога ён прасіў Езуса, быў яму не бацька, не брат, не сябра, а толькі слуга, які паслухмяна выконваў яго заданні. Апрача прыкладу вялікай веры ў моц Божую, Евангелле прапануе нам маліцца да Пана за ўсіх тых, хто гэтага патрабуе, хто знаходзіцца вакол нас, не толькі дома, але і на працы, у касцёле, на вуліцы, і, канешне, за тых, хто просіць аб малітве. Маліцца, не чакаючы за гэта падзякі. Лепшай узнагародай няхай стануцца словы Пана: «…нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры».

Малітва вернікаў

Божа міласэрны і цярплівы, пакорна просім Цябе:

  1. Умацуй у веры і любові Касцёл свой і падтрымай тых, хто ім кіруе.
  2. Дапамажы ўсім тым, хто працуе на місіях, дадай ім мужнасці і цярпення ў прапаведванні Хрыста.
  3. Благаславі дзяцей, якія прынялі Першую Камунію, каб надалей узрасталі і паглыбляліся ў веры.
  4. Дай хворым падтрымку і суцяшэнне, каб адчулі Тваю прысутнасць і апеку.
  5. Падтрымай нас, сабраных ля Твайго алтара, каб у штодзённае жыццё неслі Тваё святло.


Пане, прымі нашыя малітвы, якія ўзносім да Цябе, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця