Каментарый да літургіі
Любоў Божая сабрала нас вакол алтара. Любоў, якая жыве ў нашых сэрцах, — плод Духа Святога, які распальвае нас агнём сваёй любові. Святы Аўгустын кажа: «Калі хочаце мець жыццё ад Духа Святога, захоўвайце любоў, любіце праўду, сумуйце па еднасці — і дасягнеце жыццё вечнае». Таму з верай прыходзім да алтара нашага Збаўцы, каб вучыцца ў Яго любові, якая ёсць праўдай і вядзе да паяднання. Няхай Дух Святы дапаможа нам у гэтым і ўчыніць, каб мы, якія належым да супольнасці Хрыстовага Касцёла, удзельнічалі ў еднасці Цела Езуса. З радасцю і любоўю наблізімся да стала Божага Слова. З верай адкрыемся на дзеянне збаўленчага Слова, якое прыходзіць да нас падчас гэтай літургіі.
Каментарый да літургіі слова
Супаставіўшы першае чытанне і Евангелле, можа ўзнікнуць пытанне: калі апосталы атрымалі Духа Святога: у дзень Пяцідзясятніцы ці падчас спаткання з Уваскрослым Панам? Святы Дух — Бог, і Яго немагчыма абмежаваць нашым паняццем часу і прасторы. Можна сказаць, што Дух Святы заўсёды і ўсюды сыходзіць на свой Касцёл. Гэта пацвярджае апостал Павел у сённяшнім чытанні: «Ніхто не можа вызнаваць веру без дапамогі Духа Святога».
Апостал Ян пісаў сваё Евангелле, калі ў першых супольнасцях Касцёла было вядомым дзеянне Духа Святога. Аднак у многіх з гэтых супольнасцяў узнікла праблема з хрысціянамі, якія пачалі грашыць. Таму Ян вымушаны быў нагадаць чытачам той момант, калі Езус дае апосталам уладу адпускаць грахі. Гэта не сваёй моцай апосталы адпускаюць грахі. Гэта моц Духа Святога чыніць так, што апосталы і іх наступнікі — біскупы і святары — могуць у Яго імя адпускаць грахі. Гэта моцаю Духа Святога святар, хоць і сам грэшны, можа іншаму грэшніку адпускаць грахі. Калі б Дух Святы не дзейнічаў у сакрамэнце паяднання, Касцёл даўно б патануў у моры сваіх грахоў.
Уваскрослы Езус кажа: «Прыміце Духа Святога». Гэта заклік, прапанова, жэст ахвяравання. Калі хочаш — прымі! Чалавек мае вольную волю: можа прыняць гэтага Духа або не. Маем свабоду ў гэтым выбары. Можам быць так моцна прывязаныя да нашага зямнога духа, які робіць нас залежнымі ад яго, што будзем не ў стане прыняць таго Духа, якога нам дае Пан Езус. Маем досвед, што дух гэтага свету — дух непакою, боязі, прэтэнзій, жалю.
На крыжы Хрыстус аддаў свой дух Айцу дзеля нас, каб мы атрымалі ад Яго новы дух. Так і мы, каб атрымаць Духа Святога, павінны «аддаць» стары дух. Трэба асабіста прыняць Святога Духа, які ёсць Асобай. Каб Яго атрымаць, трэба вельмі прагнуць Яго і запрашаць. Просім сёння аб дарах Духа Святога, каб нашыя сэрцы былі адкрытыя на гэтыя дары.
Малітва вернікаў
Сабраныя на Эўхарыстыі, як апосталы ў Вячэрніку, з радасцю праславім Бога, які спаслаў на Касцёл Духа Святога, і ўсклікнем да Яго:
- Дух мудрасці, адары Касцёл здольнасцю чытаць знакі часу. У сённяшні час будзь знакам на шляху, які вядзе да дому Айца. Цябе просім…
- Дух розуму, напоўні шчодрымі дарамі пастыраў Касцёла. Няхай іх паслуга будзе благаслаўленнем для кожнага чалавека, які ў сваім жыцці шукае Бога.
- Дух рады, прыйдзі да тых, хто сёння прымае сакрамэнт святарства. Няхай вернікі, да якіх будуць пасланыя, заўсёды бачаць у святарах дзеянне Божай моцы ў іх душпастырскай паслузе.
- Дух мужнасці, не пакідай тых, хто сумняваецца і хто згубіўся ў віры сучаснага свету. Няхай атрымаюць досвед Тваёй любові, якой адорана супольнасць вернікаў.
- Дух умеласці, адары сваім багаццем людзей культуры і мастацтва. Няхай іх праца служыць чалавеку і садзейнічае духоўнаму і маральнаму ўзрастанню.
- Дух пабожнасці, прывядзі памерлых да валадарства вечнага шчасця. Няхай сведчанне іх жыцця будзе задаткам аглядання Аблічча Міласэрнага Айца ў небе.
- Дух боязі Божай, адары тут сабраных любоўю, радасцю і супакоем. Няхай яны вылечаць нашыя сэрцы, параненыя эгаізмам і непакоем.
Усемагутны Божа, Ты напаўняеш свет моцай Духа Твайго і аднаўляеш усё ў сваёй хвале. Выслухай нашыя пакорныя просьбы і прыйдзі да нас з дапамогай. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала с. Мірыям Маршалэк ZSJM