Каментарый да літургіі
Велікодны перыяд набліжаецца да заканчэння, і час велікоднай споведзі таксама неўзабаве скончыцца. У гэтую нядзелю Езус дае нам яшчэ адзін апошні напамін. Яшчэ раз, як мы бачым у Евангеллі, Ён звяртаецца да тэмы любові, кажучы: хто любіць Мяне, будзе захоўваць Маё навучанне (пар. Ян 14, 23). Таксама Ён прадказвае спасланне Духа Святога. Ужо сёння мы радуемся гэтаму абяцанню. Мы не застаемся адны. Дух Святы будзе працягваць у нас распачатую Езусам справу збаўлення свету. Ён робіць вернікаў здольнымі сведчыць пра Хрыста Уваскрослага перад сучасным светам.
Няхай гэтае спатканне з Езусам Уваскрослым на Яго Пасхальнай Ахвяры будзе для нас, якія сведчаць пра Яго любоў у сённяшнім свеце, умацаваннем і падтрымкай. Няхай Яго слова, Цела і Кроў, якія прымаем падчас гэтай Ахвяры, пераменяць нашу любоў да Бога і братоў у Яго любоў, якая паходзіць ад Пана.
А за ўсе нашы недасканаласці і недахоп любові перапросім Езуса, каб мы маглі годна стаць перад Найвышэйшым.
Каментарый да літургіі слова
Дух Святы, найбольш таямнічая з Божых Асобаў, аб’яўляецца нам сёння як нехта блізкі, пра каго Апосталы кажуць: «Дух Святы і мы». Евангелле паказвае нам Яго як Суцяшыцеля, які дапамагае чалавеку зразумець навучанне Езуса, праганяе страх, напаўняе глыбокім супакоем. Яго моцай Божае слова, якое абвяшчаецца падчас Эўхарыстыі, дасягае нашых сэрцаў, а хлеб і віно становяцца Целам і Крывёю Хрыста. Ён адзіны можа ўчыніць, каб наша сённяшняе спатканне з Езусам Уваскрослым не засталося бясплённым, але перамяніла наша жыццё.
З верай прымем крыніцу Божых ласкаў, якія дае нам сёння Стварыцель у сваім збаўчым слове.
Малітва вернікаў
Езу Хрыстэ, які моцай свайго ўваскрасення перамяняеш і ўзбагачаеш наша жыццё, давяраем Табе патрэбы ўсіх людзей:
- Молімся за Касцёл, каб з верай і ў пакоры служыў справе збаўлення свету і чалавека.
- Молімся за церпячых духоўна і фізічна, каб злучалі свае цярпенні са збаўчым цярпеннем Хрыста
- Молімся за ўсіх маці, каб на ўзор Марыі заўсёды былі верныя Хрысту і чынілі так, як кажа Сын Божы.
- Молімся за тых, якія ў гэтым годзе прымаюць пасвячэнне дыяканату і святарства, каб не толькі словам, але і ўсім сваім жыццём сведчылі пра Хрыста.
- Молімся за дзяцей, якія прыступілі або прыступяць да Першай Камуніі, каб Хрыстус Уваскрослы назаўсёды спыніўся ў іх сэрцах.
- Молімся за моладзь, якая прымае сакрамэнт канфірмацыі, каб, умацаваная дарамі Духа Святога, вызванала сваю веру, бараніла яе і жыла паводле яе ўказанняў.
- Молімся за нас саміх, каб у нашым жыцці было ўсё больш любові да Бога, які перамагае смерць і праз гэта дае ўсім нам жыццё.
Пане Езу Хрыстэ, пераможца смерці і даўца жыцця, выслухай малітвы Твайго Касцёла і ўчыні, каб збаўленне, якое Ты прынёс, ён мог абвяшчаць усім людзям. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч