Пошук

16.04.2013 00:00  

Каментарый да літургіі

Зачэрпнем жа духоўную ежу з крыніцы Божага слова. Сёння ў літургіі Езус паказаны як добры пастыр, які дае жыццё авечкам сваім. Толькі той, хто слухае Яго голас і выконвае Яго волю ў штодзённым жыцці, можа дасягнуць вечнае жыццё. Кожны з нас ад моманту святога хросту пакліканы да аўчарні Езуса Хрыста. Мы належым Яму: «Яго народ і авечкі ў Яго руках». Гэта Ён вядзе нас да водаў, дзе можам «адпачыць». Ён пасе нас і вядзе да крыніцы вады жыцця, выціраючы кожную слязу з нашых вачэй.


Каментарый да літургіі слова

Змёртвыхпаўсталы Пан з’яўляецца Пастырам, які прайшоў праз самую цёмную браму — смерць, каб вывесці адтуль сваіх авечак. Ён не мог прайсці праз яе як Бог, таму стаў чалавекам. Бачыў нас, тых, каго ашукаў грэх і каго пакінулі людзі, каго ахапіла роспач. Стаўшы адным з нас, Ён не перастаў быць сабой — Богам, верным у любові, які кліча сваіх авечак ад смерці да жыцця. Стварыцель людскіх сэрцаў ведае шлях да іх, ведае, якім голасам прамаўляць, якія словы гаварыць, каб адшукаць згубленых. Ён «крычаў» пра сваю Боскую любоў, калі хадзіў па зямлі Ізраэля. Знайшоў таксама спосаб, каб Яго заклік любові пачула кожнае пакаленне: напоўніў сваім Духам Пятра і астатніх, напоўніў Касцёл.

Гэта Езус з Назарэта сёння шукае цябе. Таму ўслухайся, як называе цябе смерць, якая дакранаецца да цябе. Даўца жыцця кажа табе, што ёсць надзея, што Яго голас і Яго слова перамагае ўсялякае зло і смерць. Тут і сёння звяртай увагу на Яго словы, але «ўключы» таксама розум і сэрца. Увесь звярніся да Яго, бо ўсё ў табе патрабуе Бога. Каб ты жыў!

У Евангеллі Езус запэўнівае: нішто не вырве нас з Ягоных рук — ніхто і нішто, бо Ён трымае нас моцна, так, як бацькі трымаюць сваіх дзяцей, каб не ўпалі. Ён трымае нас сваімі параненымі рукамі, якія мы самі прыбілі да крыжа. У гэтых ранах — нашае здароўе, наш паратунак. Пацалуем жа рукі Езуса, якія абараняюць нас ад зла гэтага свету, лечаць ад ранаў, падтрымліваюць і паднімаюць, — рукі, параненыя з любові.


Малітва вернікаў

Сабраныя вакол Хрыста, Добрага Пастыра, горача просім, каб напоўніў нашыя сэрцы вялікім прагненнем поўнага паяднання з Ім.
  1. Езус сказаў: «Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх». Просім за Святы Касцёл, каб заўсёды быў верны свайму Пастыру і трываў з Ім у пастаяннай лучнасці на малітве і ў ахвярнай любові. Цябе просім…
  2. «Яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё». Просім за Святога Айца і біскупаў, каб, узмоцненыя мужнасцю Апосталаў, былі гатовыя аддаць жыццё за авечак, давераных ім Хрыстом.
  3. «Не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх». Просім аб новых шматлікіх і святых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, каб у аўчарні Хрыста заўсёды хапала добрых пастыраў.
  4. «Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх». Просім за людзей, уцягнутых у секты, каб сустрэлі на сваёй дарозе жыцця сапраўдных сведкаў жывога Бога.
  5. «І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго». Просім за памерлых, якія прысвяцілі сябе служэнню ў аўчарні Пана, каб у доме Айца маглі радавацца вечнаму прабыванню з Богам.
  6. «Я і Айцец — адно». Просім за нас саміх, каб заўсёды з любоўю думалі і гаварылі пра нашу аўчарню і яе пастыраў.
Усемагутны вечны Божа, учыні, каб верныя натхненням і навуцы Святога Касцёла заўсёды сведчылі сваім жыццём пра нашу любоў і давалі добры прыклад. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала с. Мірыям Маршалэк ZSJM

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.