Пошук

11.04.2013 00:00  

Каментарый да літургіі

У чарговую велікодную нядзелю вакол алтара нас яднае ўваскрослы Хрыстус. З радасцю і ўдзячнасцю за дар Збаўлення прыходзім на гэтую Эўхарыстыю.

У Евангеллі з вуснаў Хрыста пачуем пытанне, якое Ён скіраваў да Пятра на беразе Тыберыядскага мора, а сёння скіроўвае да кожнага з нас асабіста: «Ці ты Мяне любіш?»

Няхай ахвяра Езуса, перажытая нанова падчас св. Імшы, дапаможа кожнаму даць шчыры адказ Хрысту на гэта пытанне.


Каментарый да літургіі слова

Слова Божае, якое мы сёння пачуем, прагне навучыць нас заўважаць Хрыста ў нашым штодзённым жыцці. Заўважаць Яго сярод клопатаў і цяжкасцяў, якія пануюць сярод нас. «Гэта Пан», — кажа св. Ян апосталам, пазнаўшы свайго Настаўніка ў чалавеку, які пытаецца ў іх, ці маюць, што есці. Пазнаў, бо Хрыстус з’явіўся ім чарговы раз, каб паказаць, як клапоціцца пра іх.

Вельмі важнай таксама з’яўляецца рэакцыя св. Пятра на гэтыя словы. Ён адразу кінуўся плыць у кірунку Езуса. Гэта прыклад таго, што ў сваім жыцці мы заўсёды павінны ісці ў кірунку Хрыста, незалежна ад таго, ці ўсё добра ў ім, ці пануе замяшанне. Бо толькі з Хрыстом нашае жыццё будзе мець сэнс. А перажыванне нашых клопатаў і непаразуменняў разам з Ім не закрые сапраўднай радасці і вартасці жыцця.

Як кажа св. Пётр і апосталы, «трэба больш слухаць Бога, чым людзей», каб не размінуцца з Езусам. Нельга, каб голас чалавека рабіў нячутным у нашым сэрцы голас Бога, бо гэта можа прывесці да таго, што разыйдземся з Ім у розныя бакі.


Малітва вернікаў

Да Хрыста, які праз уваскрасенне перамог смерць і адарыў нас ласкай збаўлення, узнясём нашыя малітвы:
  1. Молімся за Айца Святога Францішка, каб яго пастырская паслуга спрыяла духоўнаму адраджэнню Касцёла. Цябе просім…
  2. Молімся за кіраўнікоў дзяржаў, каб у прыняцці рашэнняў яны заўсёды кіраваліся справядлівасцю і дабром усяго грамадства.
  3. Молімся за хрысціян, якія церпяць пераслед, каб заўсёды адчувалі блізкасць уваскрослага Хрыста.
  4. Молімся за памерлых, каб, адкупленыя Крывёю Збаўцы, маглі аглядаць Яго аблічча ў Нябесным Валадарстве.
  5. Молімся за нас, прысутных на гэтай Эўхарыстыі, каб штодзённы клопат не заглушаў у нас голас Бога.
Божа, які з’яўляешся крыніцай любові, выслухай нашыя малітвы і ўмацуй нашую веру. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала с. Марына Брылёнак

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця