Пошук

03.04.2013 00:00  

Каментарый да літургіі

«Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла».

Яшчэ паўтара тыдні таму мы бачылі адкінутага і зняважанага Езуса, прыбітага да крыжа. Быў праданы вучнем, абсмяяны людзьмі і, здавалася, адкінуты ўсім светам. Але ўжо праз тры дні пасля смерці Ён стаў «галавою вугла», праз сваё змёртвыхпаўстанне, праз збаўленне, якое аб’явіў кожнаму чалавеку. І сёння, як тысячы гадоў таму, прыходзіць да нас, каб стаць не адкінутым камнем нашага жыцця, а «галавою вугла». Толькі праз Яго і з Ім магчыма пабудаваць сапраўднае шчаслівае жыццё.


Каментарый да літургіі слова

«Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў».

Кожную нядзелю мы вызнаем нашую веру, гаворым словы, у якіх закладзены вялікі сэнс збаўлення чалавецтва. Але ці сапраўды я магу сказаць, што веру? Веру так, што не буду саромецца вызнаць гэта на працы ці дома, калі гэта спатрэбіцца. Часамі, канешне, чалавек патрабуе знакаў, цудаў, але, сапраўды, шчаслівыя тыя, хто не бачыў чагосьці асаблівага, надзвычайнага, а паверылі ў збаўленне, якое нясе Езус Хрыстус. Ён будзе перамяняць жыццё чалавека, будзе дапамагаць несці цяжкі крыж штодзённага жыцця, але тады, калі сапраўдным жаданнем будзе не «атрыманне прыемнасцяў і дапамогі», а шлях да дасканаласці і збаўлення, крыніцай якога ёсць Бог.


Малітва вернікаў

Узнясём да Бога ў Тройцы Адзінага нашыя просьбы і малітвы:
  1. Молімся за святы Касцёл, каб быў моцным каўчэгам для вернікаў. Цябе просім…
  2. Молімся, каб партыкулярныя Касцёлы на місійных тэрыторыях былі знакам і прыладай надзеі і ўваскрасення.
  3. Молімся, каб публічнае вызнанне веры і малітва былі для вернікаў крыніцай жыцця.
  4. Молімся за ўсіх новаахрышчаных, каб адчулі сапраўдную прысутнасць Бога ў сваім жыцці.
  5. Молімся за ўсіх нас, каб перажывалі Велікодны перыяд з усведамленнем хрысціянскай годнасці і жаданнем пашырэння свайго кантакту з Богам.

Езу Хрыстэ, Ты памёр і ўваскрос, каб збавіць кожнага чалавека, прывядзі і нас, Тваіх верных, да святла ўваскрасення.

Падрыхтавала Рэгіна Атрашкевіч

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.