Каментарый да літургіі
Хрыстус Уваскрос! Аллелюя! Кожная нядзеля з’яўляецца памяткай гэтай падзеі, але сёння, у Велікодную нядзелю, асаблівым чынам святкуем Уваскрасенне Езуса Хрыста. Для нас, веручых у Езуса, уваскрослага Пана, сённяшняя ўрачыстасць — гэта найважнейшы дзень. І так, як прырода прабуджаецца да вясенняга жыцця, так і мы прабуджаныя святлом уваскрослага Езуса радасна хвалім Бога за дар жыцця, якое зелянее і квітне надзеяй. Давайце радавацца, цешыцца і дзяліцца гэтай радасцю з іншымі!
Каментарый да літургіі слова
У першым чытанні пачуем апостала Пятра, які вызнае веру ў Езуса, забітага на дрэве Крыжа і ўваскрослага на трэці дзень. А кожны, хто верыць у Яго, атрымае дараванне грахоў.
Урывак Паслання апостала Паўла да Каласянаў нагадвае, што мэтай жыцця людзей, веруючых ва ўваскрослага Хрыста, з’яўляецца адданне хвалы Богу кожным словам і чынам. Зямное — не трывалае, толькі сувязь з Богам вечная.
Малітва вернікаў
Божа, які даеш нам новае жыццё разам з Езусам уваскрослым, заносім да Цябе нашыя просьбы, з надзеяй, што Ты іх выслухаеш.
- Молімся за Касцёл Святы, каб поўны надзеі абвяшчаў усяму свету праўду аб уваскрасенні Сына Божага. Цябе просім...
- Молімся за Айца Святога, біскупаў і святароў, каб усім людзям абвяшчалі радасную навіну аб уваскрасенні Пана нашага, Езуса Хрыста. Цябе просім...
- Молімся за хрысціянаў ва ўсім свеце, каб з адвагай вызнавалі веру ў змёртвыхпаўсталага Пана. Цябе просім...
- Молімся аб ласцы вытрывання ў веры ў Езуса ўваскрослага для хрысціян, якія пераследуюцца. Цябе просім...
- Молімся аб жыцці вечным для памерлых, каб прабывалі ў хвале ўваскрослага Хрыста. Цябе просім...
- Молімся аб супакоі і радасці ў сэрцы, якія прыходзяць з Евангелля для нас, прысутных на Эўхарыстыі. Цябе просім...
Добры Божа, выслухай нашыя малітвы і адары нас сваім супакоем. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала с. Людміла Леўдаровіч MChR