Каментарый да літургіі
Пальмовая нядзеля — дзень радасці і ўзнёслага настрою. Галінкі, якія прыносім у касцёл, выражаюць нашыя прагненні, каб уключыцца ва ўрачыстае прывітанне, якім калісьці жыхары Ерузалема сустракалі Езуса.
Сённяшняя нядзеля называецца таксама Нядзеляй Мукі Пана і распачынае Вялікі тыдзень. Радасны і ўзнёслы настрой саступае месца павазе, а нават болю. Езус ведаў, што энтузіязм натоўпу, што вітаў Яго, хутка скончыцца, і тыя самыя людзі ўжо перад Пілатам будуць крычаць: «На крыж Яго!»
Мы прыйшлі, каб прывітаць прыходзячага Пана, трымаючы ў руках сімвалы абуджэння жыцця. Не забывайце пра тое, што жыццё мы атрымалі дзякуючы Муцы Збаўцы. Будзем з Езусам у хвіліны Яго самоты, мукі, смерці і ўваскрасення. Радасць наша будзе поўнай, калі мы вытрываем пры Езусе да канца.
Каментарый да літургіі слова
У цэнтры сённяшніх чытанняў — Евангелле, у якім апісваецца мука і смерць Езуса. Яму хапіла ўсяго: здрада Юды, адмаўленне Пятра, знявагі, раны, бічаванне і ўкаранаванне цернем, Крыжовы шлях, укрыжаванне, агонія на Кальварыі ў абсалютнай пакінутасці. Скіраванае да нас сённяшняе Божае слова паказвае Езуса Слугой, церпячым і асуджаным на смерць, і Панам, роўным Айцу. Езус прыйшоў выканаць тое, што даўно было напісана ў чатырох Песнях Слугі Ягвэ. Сённяшні фрагмент паказвае Езуса як вучня, які слухае свайго настаўніка, як паслухмянага свайму Айцу і як прарока, які выконвае волю Айца. Ён нічога не баіцца, зносіць пераслед, знявагі, бічаванне. Мука і смерць Езуса не бессэнсоўныя, гэта шлях да хвалы Айца. Праз упадкі і прыніжэнне праявілася Яго любоў да Айца і да людзей. Таму Бог узвысіў і праславіў Яго, падараваў Яму Імя, якое служыць самому Богу — Kyrios, што азначае Пан. Усклікаем сёння: «Гасанна! Збаў нас!» Не дазволь, каб праз наш грэх мы закрычалі: «На крыж Яго!» Божа, адары нас такой схільнасцю, якую меў Езус, Твой Сын, каб былі здольныя ісці Яго шляхам. Ён, жывучы ў хвале, роўны Табе, сваю роўнасць з Табой і хвалу Божага Сына не затрымаў для сябе, але агаліў самога сябе, прыняўшы постаць слугі, і стаў чалавекам сярод людзей.
Малітва вернікаў
Богу, які праз Муку і Крыж Свайго Сына вызваліў нас ад грахоў, узнясём нашыя просьбы.
- За Святы Касцёл, каб паказваў вартасць адрачэння на шляху да святасці. Цябе просім…
- За моладзь, каб апраўдала пакладзеную ў ёй надзею і заўсёды была ў Касцёле прыкладам энтузіязму, радасці і даверу Хрысту.
- За нашу парафіяльную супольнасць, каб мы ўсе добра і годна перажылі Вялікі тыдзень і містэрыю Мукі, Смерці і Уваскрасення нашага Збаўцы Езуса Хрыста.
- За тых, хто шукае Божую праўду, і за тых, хто сумняваецца, каб сіла Божай любові дазволіла ім паверыць нанава.
- За нашых родных памерлых, каб Кроў Хрыста ачысціла іх ад грахоў і каб маглі сузіраць Яго хвалу ў небе.
- За нас саміх, аб узмацненні веры і сапраўдным навяртанні сэрца.
Пане Езу Хрыстэ, у Тваім Крыжы мы знаходзім сілу да штодзённага жыцця. Будзь праслаўлены на векі вечныя.
С. Мірыям Маршалэк ZSJM