Каментарый да літургіі
Сучасны чалавек, сучасны свет прагне справядлівасці. Справядлівасці, якая не адкідвае прабачэння, міласэрнасці, спачування, якая будзе бараніць годнасць кожнай чалавечай асобы, а не асуджаць і забіваць.
Сёння Езус дае нам прыклад адносін да тых, хто згубіўся ў сваім жыцці, але таксама і да кожнага бліжняга. Як жа часта мы так лёгка асуджаем свайго бліжняга, «топчам» яго, бо прагнем паказаць усім наўкола сваю важнасць, бо хтосьці нам перашкаджае ў нашай кар’еры і г. д.
Усе нашы намеры, словы і ўчынкі маюць свой пачатак у нашым сэрцы. Калі ў ім ёсць месца для Хрыста, калі мы прыходзім са шчырым прагненнем на Эўхарыстыю, то ў нас не будзе панаваць зайздрасць, нянавісць, зло і асуджэнне.
Падчас сённяшняй Эўхарыстыі будзем прасіць Хрыста, каб вызваліў нас ад пыхі і самадастатковасці. Будзем прасіць прабачэння за кожную крыўду, учыненую бліжняму, за праяўленую абыякавасць да тых, хто быў у патрэбе.
Каментарый да літургіі слова
Чарговая нядзеля Вялікага посту паказвае нам Бога, які падае руку грэшніку, які заўсёды прабачае і нястомна чакае яго навяртання. «Застаўся адзін Езус і жанчына…» Чаму так здарылася? Бо ўсе зразумелі, што не маюць права асуджаць іншага, бо і самі не без граху. Менавіта гэта павінен усвядоміць сабе кожны і імкнуцца да скрухі ўласнага сэрца, а не да кідання камянямі ў кожнага, хто стане на нашым шляху.
Скіраваныя ж словы «ідзі і адгэтуль больш не грашы» — гэта заклік да таго, каб распачаць новае жыццё разам з Хрыстом. І будаваць яго на любові і прабачэнні Езуса, а не на людской справядлівасці. Словы «звярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам» гучаць сёння для кожнага.
Малітва вернікаў
- Молімся за Касцёл Хрыстовы, каб нястомна абвяшчаў Божае вучэнне. Цябе просім…
- Молімся за кіруючых дзяржавамі, каб клапаціліся аб справядлівасці і супакоі ў сваіх краінах і шанавалі годнасць кожнага чалавека.
- Молімся за людзей, якія пагарджаюць іншымі, каб зразумелі, што, адкідваючы свайго бліжняга, адкідваюць самога Хрыста.
- Молімся за памерлых, якія пры жыцці ўскладвалі свае надзеі на Бога, каб радаваліся прабыванню ў Валадарстве Нябесным.
- Молімся за нас, прысутных на гэтай Эўхарыстыі, каб мы ніколі не асуджалі іншых, але заўсёды прыходзілі ім на дапамогу.
Падрыхтавала с. Марына Брылёнак