Пошук

07.03.2013 23:33  

Каментарый да літургіі

«Устану і пайду да бацькі майго»

Вялікі пост — гэта асаблівы час навяртання, ці вяртання, чалавека да Бога. У час посту мы адмаўляемся ад чагосьці, ахвяруем Богу, не толькі каб ачысціцца ад нейкіх дрэнных звычак, але ў большай ступені каб наблізіцца да Езуса, Крыніцы Збаўлення. Чаму кожны год адно і тое ж перажываем? Навошта Вялікі пост маем у сваім жыцці шмат разоў? Напэўна таму, што мы слабыя, няздольныя з адной сваёй пастановай «прыпадобніцца да Езуса Хрыста», зрабіць менавіта так і не ўпасці ні разу. Маем перад сабой шлях усяго жыцця, штогод, штомесяц, штодня пазбаўляцца дрэннага ў сваім жыцці і наследаваць Хрыста, каб як мага чысцейшым прыйсці ў Божае Валадарства.

Каментарый да літургіі слова


«Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам»

Адны з самых цяжкіх рэчаў у свеце — шчырая просьба аб прабачэнні і само прабачэнне. Цяжка сказаць чалавеку: «Прабач, я сапраўды зрабіў дрэнна…», але яшчэ цяжэй сказаць гэта Богу падчас споведзі. Але сённяшняе Евангелле паказвае, з якой любоўю і дабрынёй чакае Бог кожнага грэшніка, які ўсё роўна застаецца сынам ці дачкой. Ад чалавека патрабуецца толькі моц, каб ад усяго сэрца сказаць: «Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам». Бог прабачае кожнаму без выключэння, хто шкадуе і верыць у Яго моц і міласэрнасць. Яшчэ адзін бок гэтай гісторыі ў прабачэнні, якому можам вучыцца ў Айца Нябеснага. Прабачаць кожнаму сябру, знаёмаму, роднаму, не трымаць зла, а жыць у любові.

Малітва вернікаў


Дзякуем Усемагутнаму Богу, што ўчыніў нас годнымі сёння праслаўляць Яго, і пакорна молім:

  • Узмацняй свой Святы Касцёл і падтрымлівай тых, хто ім кіруе ў сапраўднай любові.
  • Каб узрастала пашана да прыроды, з усведамленнем, што ўсё стварэнне з’яўляецца справай Бога, даверанай чалавечай адказнасці
  • Каб біскупы, святары і дыяканы былі нястомнымі абвяшчальнікамі Евангелля аж да краю зямлі.
  • Каб нашыя памерлыя цешыліся ў Нябесным Валадарстве еднасцю з Богам у Тройцы.
  • Дай нам, удзельнікам гэтай нядзельнай Эўхарыстыі, навяртацца ўсё болей да Бога, сапраўднага Айца Міласэрнасці.


Схіляемся перад Тваёй веліччу, Божа, і просім, абарані нас ад усялякага зла, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч OPs

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа