Каментарый да літургіі
Уваходзячы ў трэці тыдзень Вялікага посту, мы знаходзімся пасярэдзіне духоўных рэкалекцый. Таму падчас сённяшняй Эўхарыстыі паразважаем на тэму нашага граху. У літургіі слова мы пачуем аб пакліканні Майсея. Бог пакліча яго, каб вывесці выбраны народ з няволі ў Егіпце, і дасць Ізраэлю выбаўленне ад уціскаў. Аднак Ізраэль наракаў на Бога. Ён не ведаў, што піў з духоўнай скалы, якой з’яўляецца Хрыстус. Пра гэта якраз гаворыць св. Павел у другім чытанні. Евангелле заклікае нас да навяртання, каб мы не памерлі. І зноў Бог дае нам надзею, што мы зможам падняцца з нашых упадкаў і грахоў. Таму з пакорным сэрцам просім Пана, каб змілаваўся над намі і не даў нам памерці назаўжды.
Навяртайцеся... Да гэтага Хрыстус заклікае нас сёння.
Каментарый да літургіі слова
Слова Божае пранікае ў глыбіні нашага сэрца. Сёння Бог жадае ў нашых сэрцах і розумах захаваць думку, якая павінна прывесці нас да пакаяння і навяртання. Мы павінны ўсвядоміць сваю грэшнасць і піць з духоўнай скалы, якою з'яўляецца Хрыстус. Дзякуючы гэтаму мы можам атрымаць прабачэнне грахоў. Таму што Бог ніколі не пакіне свой выбраны народ — Касцёл. Няхай слова Хрыста пранікае ў глыбіні нашага сэрца.
Малітва вернікаў
Да Бога, які схіляецца над кожным чалавекам, занясём нашыя просьбы:
- Молімся за паўсюдны Касцёл, каб, адноўлены праз пост, абвяшчаў усяму свету Хрыста, які за нас памёр і ўваскрос. Цябе просім...
- Молімся аб дарах Духа Святога для Калегіі кардыналаў, каб здзейснілі выбар новага Пантыфіка паводле волі Божай. Цябе просім...
- Молімся аб ласцы навяртання для людзей, якія даўно не прыступалі да сакрамэнту пакаяння. Цябе просім...
- Молімся за памерлых, каб атрымалі прабачэнне грахоў і цешыліся хвалой нябёсаў. Цябе просім...
- Молімся за нас, сабраных на Эўхарыстыі, каб мы ў час Вялікага посту навярталіся і ішлі ў жыцці толькі за Хрыстом. Цябе просім...
Просім, Божа, выслухай нашыя просьбы, якія ў пакоры Табе прадстаўляем. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала с. Людміла Леўдаровіч MChR