Каментарый да літургіі
Літургічны перыяд, які перажываем, прыпамінае нам, між іншым, дзе наша Нябесная Айчына і які шлях вядзе да яе. Пан Бог абяцаў гэтую Айчыну ўжо тады, калі заключыў запавет з Абрагамам. Давайце ўважліва паслухаем Божае слова. Няхай моц Божай міласэрнасці пранікае ў нас. Молімся, каб Эўхарыстыя дапамагала перамяніць мысленне пра Бога, пра людзей, пра свет.
Ужо сёння Хрыстус Пан заклікае нас да ўдзелу ў Найсвяцейшай Ахвяры, якая з’яўляецца прадвесцем Нябеснай Ахвяры ў доме нашага Айца. Няхай Божая ласка напоўніць нашыя сэрцы любоўю.
Каментарый да літургіі слова
Першая нядзеля Вялікага посту нагадвала нам пра тое, што ўсе мы можам быць спакушаныя. Сёння на гары Перамянення бачым нібы другі бок медаля: усе мы, дзякуючы ласцы, здольныя да перамены.
Гара Перамянення — гэта Галгофа, але з іншага боку: перад тым, як вучні дасведчылі ганьбу Крыжа, яны ўбачылі яго хвалебныя плёны. Перамяненне на гары Табор на момант перарывае, здавалася б, паўсядзённы і шэры бег гісторыі Езуса, калі знешне нішто не адрознівала Божага Сына ад людзей, што жылі побач. Вучні, якія ўдзельнічалі ў гэтых здарэннях, нічога не разумелі, але Езус хоча, каб тыя, хто прабывае з Ім і ў Яго верыць, ведалі, кім Ён сапраўды ёсць. Таму адкрывае сваё аблічча перад трыма вучнямі. Гэта адбылося ў атмасферы малітвы — размовы Езуса з Айцом. Бо малітва становіцца прасторай, у якой аб’яўляецца Бог і ў якой ёсць магчымай сустрэча з Ім. Кульмінацыйным пунктам апавядання, аднак, не з’яўляецца ні бліскучае белае адзенне, ні слава, што зыходзіць з аблічча Езуса, а словы, што Ён — Сын Божы.
На гары Сінай Майсей атрымаў каменныя скрыжалі. На іх быў пададзены закон, якім павінны былі кіравацца тады. На гары Табор Бог сведчыць, што з гэтага часу трэба слухаць Езуса. Калі прамаўляў Бог, Майсей і Ілля зніклі. Гэта азначае, што Езус з’яўляецца адзіным пасрэднікам паміж Богам і людзьмі.
Гара Перамянення — гэта час малітвы. Пан Езус адкрывае нам вочы, і мы пачынаем бачыць праўду — пра сябе. Дзякуючы малітве пачынаем разумець Біблію — гэтага вялікага сведку, што стала гаворыць пра Езуса. Ці гаварыў ты Богу падчас малітвы «добра мне тут быць…»? Калі не, то гэта значыць, што яшчэ не выйшаў на адпаведную высокую гару.
Малітва вернікаў
Праз Хрыста, які ў таямніцы Перамянення, Пасхі і Уваскрасення даў нам надзею на несмяротнасць, з даверам узнясём да Бога Айца нашыя просьбы.
- Молімся за паўсюдны Касцёл, каб услухоўваўся ў голас Бога і штораз мацней верыў, што неба з’яўляецца нашай Айчынай. Цябе просім…
- Молімся за Святога Айца Бэнедыкта ХVІ і ўсіх пастыраў Касцёла, каб Святы Дух кіраваў імі ў іх пачынаннях.
- Молімся аб супакоі ва ўсім свеце, каб канфлікты паміж народамі вырашаліся пры дапамозе дыялога і кампрамісу.
- Молімся за тых, якія застаюцца ўдалечыні ад Хрыста, каб, кіраваныя Святым Духам, выйшлі на шлях збаўлення.
- Молімся за нашых памерлых, каб у небе маглі аглядаць Божае аблічча.
- Молімся за нас саміх, каб штодня вучыліся жыць згодна з Евангеллем, кіруючыся ім у сваім жыцці.
Вечны Божа, Ты паклікаў нас да жыцця ў святле і загадваеш слухаць Твайго Сына. Выслухай нашыя просьбы, якія ўзносім да Цябе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала с. Мірыям Маршалэк ZSJM