Каментарый да літургіі
Наша зямное жыццё — гэта нястомная барацьба. Барацьба з самім сабой, са сваімі схільнасцямі да дрэннага, барацьба са спакусамі, якіх так шмат наўкола. Але гэта ўсё мае сэнс толькі тады, калі мы імкнёмся дасягнуць вечнага прабывання ў Нябесным Валадарстве.
Перажываем сёння першую нядзелю Вялікага посту. Многія з нас пастанаўляюць за гэты час духоўна ўзмацніцца, перамяніць свае адносіны да іншага чалавека, пазбавіцца дрэнных звычак. Але, каб быць моцнымі ў сваіх добрых памкненнях і ў змаганнях са спакусамі, мы патрабуем духоўнага пажыўлення — асабістай сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі і штодзённай малітве.
У час Вялікага посту мы запрошаны сузіраць таямніцу Крыжа, каб здзейсніць сапраўднае навяртанне асабістага жыцця.
Каментарый да літургіі слова
Вялікі пост для Касцёла з’яўляецца вельмі важным і каштоўным часам. Літургія слова першай нядзелі паказвае наша чалавечае змаганне на зямлі. У Евангеллі мы пачуем, як Езус перамагае спакусы злога духа словам Божым. Ён не ўступае ў дыялог і не прагне даказаць сваю боскасць. Менавіта тут мы бачым, якую вялікую моц мае Божае слова. Святы Павел кажа, што наша вера павінна праяўляцца ў словах, бо сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць дзеля збаўлення. Таксама пачуем, што паміж веруючымі ў Хрыста няма ніякай розніцы, бо Ён шчодры для ўсіх, хто Яго кліча. Што і пацвярджае псальміст: «За тое, што ён палюбіў Мяне, уратую яго (…) Я буду з ім ва ўціску, вызвалю яго і праслаўлю».
Малітва вернікаў
Да Бога, якi запрасiў нас на сённяшнюю Эўхарыстыю, з верай занясём нашыя просьбы:
- Молімся за Айца Святога, каб Бог адарыў яго шматлікімі ласкамі за адданае служэнне Касцёлу.
- Молімся за святароў, каб Вялікі пост быў для іх часам асабістага аднаўлення і ўмацавання ў веры.
- Молімся за хрысціян, якія церпяць пераслед, каб нават у самыя цяжкія моманты яны змаглі адчуць прысутнасць Хрыста і Яго любоў.
- Молімся за людзей, якія знаходзяцца ў грахоўнай залежнасці, каб у час Вялікага посту яны перамянілі сваё жыццё і паядналіся з Хрыстом.
- Молімся за памерлых, якія пры зямным жыцці спадзяваліся на Божую Міласэрнасць, каб як мага хутчэй маглі ўвайсці ў Нябеснае Валадарства.
- Молімся за нас, прысутных на Эўхарыстыі, каб мы не змарнавалі час Вялікага посту і былі моцныя ў сваіх пастановах.
Пане Божа, аддаем Табе нашыя просьбы. Выслухай нашыя малiтвы i адары свой Касцёл патрэбнымi ласкамi. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала с. Марына Брылёнак